Павел Латушка раскрытыкаваў заходніх палітыкаў



Павел Латушка раскрытыкаваў заходніх палітыкаў за адсутнасць палітычнай волі для прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення выступіў на міжнароднай канферэнцыі „Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя” 12-га чэрвеня ў Вільні, паведамляе @pozirkonline.

Праз тры гады, падкрэсліў палітык, ніводзін чалавек, адказны за рэпрэсіі ў Беларусі, не абвешчаны ў вышук. „Забойствы, катаванні, згвалтаванні, рэпрэсіі носяць масавы, сістэмны характар. Парушаныя ўсе магчымыя і немагчымыя нормы міжнароднага права”, — сказаў ён.

„Як палітык я звяртаюся да ўсіх, ад каго гэта залежыць: выкарыстоўвайце палітычную волю, выкарыстоўвайце права, выкарыстоўвайце закон. Інакш вы проста страціце беларускі народ як еўрапейскі народ”, — дадаў Латушка.