Павел Латушка: Рэжым Лукашэнкі павінен атрымаць адпаведную прававую ацэнку



НАУ зладзіла ў Варшаве міжнародную канферэнцыю, прысвечаную беларускай судовай сістэме. У падзеі прынялі ўдзел дыпламаты і юрысты з Польшчы, Латвіі, Літвы, Чэхіі. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі цяперашнія судовыя працэсы ў Беларусі, апошнія тэндэнцыі і досвед іншых краін у гэтым накірунку.

Сённяшні Госць Рацыі – кіраўнік НАУ і прадстаўнік АПКБ па транзіце ўлады Павел Латушка – падзяліўся з нашым карэспандэнтам вынікамі падзеі, а таксама даў сваю ацэнку беларускім суддзям і іх выракам.

РР: Чым на практыцы такія канферэнцыі карысныя, чым яны могуць дапамагчы?

Павел Латушка: Першае, вы ведаеце, што адным з галоўных накірункаў дзейнасці Народнага антыкрызіснага ўпраўлення з’яўляецца прыцягненне да адказнасці самога Лукашэнкі і прадстаўнікоў рэжыму за злачынствы супраць чалавечнасці, за ўсе тыя злачынствы, які ўчыняў і працягвае ўчыняць кожнага дня рэжым Лукашэнкі.І тут мы выбудоўваем фактычна сістэму дзеянняў па розных накірункаў па фактах гэтых злачынстваў. Перад усім мы кажам пра тое, што Лукашэнка павінен адказваць за захоп грамадзянскага самалёта “Ryanair“, Лукашэнка павінен адказваць за штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з Еўрапейскім саюзам. Таксама, безумоўна, прыярытэтам з’яўляецца – за злачынствы супраць чалавечнасці. Гэта гвалт, які ажыццяўляе рэжым Лукашэнкі ў адносінах да беларусаў, і не толькі, а і да грамадзян іншых краін. У нас ёсць, напрыклад, сведчанні пра тое, што і грамадзяне Польшчы былі падвергнутыя гвалту на тэрыторыі Беларусі.

Мы кажам таксама пра стварэнне спецыяльных міжнародных інстытутаў, якія маглі б комплексна разглядаць гэтыя пытанні, бо папярэдне тое, што я казаў, – гэта нацыянальныя юрысдыкцыі, яны маюць універсальны характар, бо такія злачынствы могуць разглядацца ў рамках нацыянальных юрысдыкцый, але з улікам таго, што яны пагражаюць сусветным стандартам, сусветнай бяспецы, парушаюць правы чалавека ў свеце. І адпаведна канвенцыя ААН дае нам такое права.

Але мы кажам таксама пра неабходнасць стварэння і спецыяльных міжнародных інстытутаў, і тут гэта такая рэзалюцыя, якая была прынятая Еўрапейскім парламентам.з заклікам да ўсіх краінаў Еўрапейскага звязу стварыць спецыяльны міжнародны трыбунал па фактах злачынства супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі. Такі міжнародны трыбунал даў бы ўніверсальны інструмент прыцягнення ўсіх адказных за злачынствы

Другі накірунак міжнароднага характару – гэта тое, што ініцыюе Україна ў рамках Генеральнай асамблеі ААН – стварэнне трыбунала па фактах агрэсіі. У адпаведнасці з міжнародным правам, адпаведна рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН 1974 года, а таксама рымскім статутам Міжнароднага крымінальнага суда прадстаўленне тэрыторыі краіны для агрэсіі з’яўляецца актам агрэсіі. Тут роля рэжыму Лукашэнкі павінна атрымаць адпаведную прававую ацэнку.

Наступны накірунак – новы накірунак, які з’явіўся апошнім часам – гэта пытанне, звязанае з дэпартацыяй украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі, чым займаўся рэжым яшчэ нават да 2022 года. Але асабліва актыўна пачаў дзейнічаць пасля чарговага этапу акупацыі Украіны. У нас ёсць даволі шмат сведчанняў, доказаў, дакументаў, якія мы перадаем украінскім партнёрам, якія мы фармуем у адпаведную справаздачу і  перададзім комплексную справаздачу як украінскім партнёрам, так і  міжнародным партнёрам, якія пацвярджаюць, што з тэрыторыі Украіны па рашэнні Лукашэнкі і адпаведных устаноў і арганізацый Беларусі, такіх, напрыклад, як Фонд Аляксей Талая, дзяржаўнае прадпрыемства “Беларуськалій” пры падтрымцы рэгіянальных уладаў вывозяцца ўкраінскія дзеці на тэрыторыю Беларусі. Некаторыя з іх, зразумела, выязджаюць разам з сем’ямі, выязджаюць пры ўдзеле ўпаўнаважаных асобаў, але шмат з іх сіроты. І гэта ад 6 да 15 гадоў. І тут міжнароднае права вельмі дакладна акрэслівае такія дзеянні як парушэнне чацвёртай Жэнеўскай канвенцыі ў адносінах да асабліва абароненай катэгорыі пад час вайны, ваенных канфліктаў – гэта дзеці. Гэта парушэнне дзяржавай. І гэта першае, за што можна прыцягваць да адказнасці саму Беларусь

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З кіраўніком НАУ і прадстаўніком АПКБ па транзіце ўлады Паўлам Латушкам размаўляла наш варшаўскі карэспандэнт Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя