Павел Латушка: Робім на максімуме магчымасцяў
Канферэнцыя „Новая Беларусь”, слуханні ў Каардынацыйнай радзе, марафон салідарнасці з палітвязнямі „Нам не ўсё адно”… Беларускае сацыяльна-палітычнае жыццё апошнія два тыдні было больш, як насычанае.
Пра яго і не толькі наш карэспандэнт Марына Савіцкая паразмаўляла з „Госцем Рацыі”, намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам.
РР: Якія думкі ў вас з нагоды працы Кабінета?
– Я самакрытычны, я разумею, што цяпер гэта не тое, што задумвалася ад пачатку. Вынікі павінны былі быць значна большыя, нам не хапіла дастатковай матывацыі, нам не хапіла людзей, якія былі б гатовыя ўзяцца за канкрэтныя накірункі і можа ўзаемаразумення, гэтага не хапіла.
Яшчэ выклік стаіць перад намі. Хтосьці рашчаруецца, скажа: „Ну і па што гэта трэба?”. Інстытут патрэбны, бо інстытуцыялізацыя дэмакратычных сіл на будучыню, бо перадусім прынцыпова важна, каб у Беларусі ў крытычны момант пераменаў, не было анархіі. Павінен быць інстытут і протапарламент, які можа ўзяць на сябе гэтую адказнасць.
Аб’яднанне большае патрэбна, аб’яднаць усіх немагчыма, давайце будзем рэалістамі. Аб’ядноўвацца большасці важна, магчыма і патрэбна. Вось гэтая яшчэ адна з задач, пра якую казаў прадстаўнік Палка Каліноўскага і тут я абсалютна згодны.
Кожны адказвае за свой накінурак, я магу сказаць за свой, гэта пытанне адказнасці. Так, мы б’емся аб сцяну. Мне падаецца, што мы працуем даволі прафесійна з пункту гледжання права, бо калі мы рыхтуем справаздачу, напрыклад, па незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей, мы не толькі справаздачу, мы рыхтуем прававое абгрунтаванне, аналіз, выкарыстоўваем інструмент, які з пункту гледжання міжнароднага права можа быць задзейнічаны. Гэта два інструменты, гэта Міжнародны крымінальны суд і пракурор у Гаазе, а таксама гэта Генеральная пракуратура Украіны, усе матэрыялы знаходзяцца там, мы іх сабралі і перадалі.
Мы камунікуем, каб удасканаліць, дадаць дадатковыя доказы. Мы сыходзім з падыходу 100% доказнасці. Мы не бяром ніякія аргументы, матэрыялы, факты, якія могуць наш падыход паставіць пад сумненне. Напрыклад, калі мы кажам пра злачынствы супраць чалавечнасці, тут нам дапамагае літоўская кампанія, якая лідаруе ў гэтым праекце. Мы разам зрабілі дакумент, які пацвярджае факты 136 ахвяр рэпрэсій рознага характару ў Беларусі, якія кваліфікуем, як злачынствы супраць чалавечнасці, значыць гэта таксама механізм.
Якія механізмы? Гэта можа быць той жа Міжнародны крымінальны суд, гэта можа быць спецыяльны міжнародны трыбунал. Гэта ўніверсальная юрысдыкцыя. Мы не толькі рыхтуем справаздачу, як жудасна ў краіне, гэта мы ведаем з вамі. Што мы будзем даказваць адзін аднаму, што жудасна, што ахвяры, што злачынствы. Але што з гэтым рабіць? Я таму і кажу, што трэба ўзяць гэта ўсё, механізм выкарыстаць і аднесці. Вось гэта мы робім. Я б, канешне, хацеў, каб гэтым занялася нанятая буйная, міжнародная адвакацкая кампанія. Але на гэта ў нас няма сродкаў, таму займаюцца гэтым беларускія юрысты і з юрыдычнымі кампаніямі, якія дапамагаюць нам у гэтай справе. Гэта можа больш доўгі шлях, гэта больш складаны, але мы не збочым з гэтага шляху, мы проста ім ідзём.
Санкцыі, я таксама чуў крытыку: „Вы адказваеце за санкцыі. Чаму іх няма?”. Зразумела, калі б я ўводзіў санкцыі, я б адключыў фінансавую сістэму, увёў бы гандлёвае эмбарга і гэта моцна ўдарыла б па рэжыму. У мяне няма такіх інструментаў. Значыцца мы павінны пераканаць партнёраў. Пытанне было, калі наадварот некалькі партнёраў казалі: „Давайце вымем санкцыі на калійныя ўгнаенні”. Гэта была сапраўды барацьба, нават з саюзнікамі, каб пераканаць іх не рабіць гэтую памылку. Я памятаю сустрэчу ў МЗС у Бруселі, калі я сказаў: „Я больш не дыпламат, я палітык. Я буду вас моцна крытыкаваць. Калі вы дапусціце да таго, што Лукашэнка атрымае мільярды ў прыватную кішэню, на турмы, на збіццё беларусаў і на вытворчасць зброі ў інтарэсах Расеі, каб забіваць украінцаў, то я буду лямантаваць пра гэта”. Гэта было дзясяткі лістоў, дакументаў, аналізаў рынку кожнай афрыканскай краіны, якая калісьці атрымлівала беларускія калійныя ўгнаенні. Як сёння ў іх выглядае сітуацыя, адкуль яны атрымліваюць, перакананне таго, што гэта не ўплывае на афрыканскі рынак, перакананне таго, што кошт не вырас, перакананне таго, што кошт харчавання не вырас. Што будзе, калі вы зробіце гэтую памылку.
Чаму трэба ўводзіць гарманізаваныя санкцыі? Таму што нельга ўводзіць адны супраць Расеі, іншыя супраць рэжыму Лукашэнкі, бо ёсць такая „саюзная дзяржава”. Гэта праца з сакавіка 2022 года, пераканаць у тым, што санкцыі не могуць быць рознымі. Яны нарэшце прыйшлі да высновы, на жаль так позна, што трэба гарманізаваць санкцыі. Гэта мой недахоп, гэта мінус, пагаджуся. Мог бы зрабіць больш, магчыма, але робім сапраўды на максімуме магчымасцяў, што можа каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, за той накірунак, за які мы адказваем. Хтосьці гатовы прыйсці, рукамі працаваць, калі ласка, запрашаем.
Пытанне ў недахопе людзей, гэта адчувальна. Выклікаў шмат, а людзей, якія гатовыя ўзяцца, каб гэтыя выклікі прыняць і пачаць змагацца супраць іх, іх не хапае.
Я не песіміст, я вельмі матываваны. Нават сённяшняя канферэнцыя паказвае колькі нас шмат. Людзі ўсё роўна збіраюцца, людзі ўсё роўна кажуць пра дзеянні, пра патрэбу дзеянняў. Кожны штосьці робіць на сваім маленькім кавалачку, а разам вырастае велізарнае.
Мяркуецца, што прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення прымуць удзел і ў маршы беларусаў у Варшаве 9-га жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя