Павел Латушка: Ставімся з павагай да выбару польскага народу (абноўлена)



Ставімся з павагай да выбару польскага народу. Так прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету, палітык Павел Латушка ў нашым эфіры пракаментаваў вынікі польскіх выбараў.

Галасаванне паказвае тэндэнцыю польскага грамадства да палітычных пераменаў. Асаблівасць гэтых выбраў у Польшчы – рэкордная яўка (амаль 75%). Наперадзе размовы пра кааліцыі розных палітычных партый, якіх у новым складзе Сейму – пяць. Так дзейнічае дэмакратыя, заўважае Павел Латушка.

Сёння, з’яўляючыся прадстаўніком Пераходнага аб’яднанага кабінета, урада, які фактычна працуе ў эміграцыі, выканаўчага органа дэмакратычнай Беларусі, я таксама не маю права каментаваць унутраную палітыку Польшчы, я магу толькі зазначыць, што мы з павагай будзем ставіцца да выбару польскага народу, польскага грамадства, і іх рашэнне з’яўляецца вырашальным, вырашальным з’яўляецца дэмакратыя.

Паводле афіцыйных вынікаў, якія агучыла выбарчая камісія, – першае месца займае кіруючая партыя «Права і справядлівасць», якая атрымала 35.38%, але як у папярэднія гады не мае большасці, каб самастойна кіраваць. Апазіцыя мае шансы сфарміраваць урад. На другім месцы Грамадзянская кааліцыя з вынікам 30,7%, якая анансуе кааліцыю з «Трэцім шлях» і партыяй «Новыя левыя».

***

І гэты мур таксама рухне. Пра загароду на беларуска-польскай мяжы, кажа палітык Павел Латушка. Ён каментуе вынікі выбараў і рэферэндуму, якія ў Польшчы прайшлі 15 кастрычніка. Сярод пытанняў, якія выносілі на галасаванне, – ліквідацыя загароды на мяжы паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь. Супраць ліквідацыі агароджы выказалася 96%, а вось «за» каля 4% тых, хто вырашылі прагаласаваць на рэферэндуме, што праўда ён прызнаны не адбыўшымся. Яўка склала толькі 40,91%, пры патрэбных 50%. На асаблівасці гэтага галасавання ўвагу звярнуў намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка.

Мы павінны зразумець, што гэта рэакцыя не на беларусаў, не на беларускае грамадства. Гэта рэакцыя на дзеянне рэжыму Лукашэнкі, які на працягу гадоў, асабліва пасля пачатку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе, пастаянна стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы гэтай краіны. З другога боку, мы ведаем з вамі з гісторыі, што мур рухне. І гэты мур таксама хутка рухне, я ў гэтым перакананы. І як беларусы, якія прагнуць свабоды і дэмакратыі, мы імкнемся да таго, каб быць у агульнай еўрапейскай прасторы.

Тады гэты мур не будзе патрэбны, калі зменіцца палітычная сітуацыя ў Беларусі, а Польшчы атрымае адэкватнага суседа, кажа палітык Павел Латушка. На мяжы з Беларуссю у 2022-ім годзе польскі бок збудаваў агароджу працягласцю ў 186 км, вышыня – 5,5 метраў. Яе дапаўняе сістэма камер і датчыкаў ўздоўж 206 кіламетраў мяжы.

Беларускае Радыё Рацыя