Павел Латушка: Упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі мы маем эфектыўныя інстытуты дэмакратычных сіл



Госць Рацыі кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка распавядае, чаму не звяртае ўвагу на тое, што пра іх пішуць блогеры і СМІ, а таксама палітык упэўнены, што цяпер да вяртання ў Беларусь апазіцыя бліжэй, чым раней. Паразмаўлялі з кіраўніком НАУ і пра спрэчкі і непаразуменні з Офісам Ціханоўскай.

– 8 і 9 жніўня Вы будзеце ў Вільні?

– Пакуль гэтае пытанне мы разглядаем. У рамках Народнага атныкрізыснага ўпраўлення мы яшчэ не прынялі рашэння. Але пытанне не быць ці не быць, пытанне галоўнае – што можна разгледзець падчас гэтай канферэнцыі…

– А што Вас, прабачце, устрымоўвае, каб ужо зараз сказаць будзеце ці не будзеце на Віленскай канферэнцыі?

– Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ад самага пачатку лічыла важным правядзенне Кангрэса беларусаў, у залежнасці ад таго, мы разумеем, што сітуацыя вельмі складаная, абранне дэлегатаў з Беларусі – даволі цяжкая справа, але шмат беларусаў, якія пражываюць за мяжой, шмат ініцыятыў грамадзянскіх, якія існуюць за мяжой, і зразумела, яны фактычна з’яўляюцца прадстаўнікамі беларусаў, якія пражываюць у Беларусі. І гэты кангрэс павінен быў быць устаноўчым сходам, які можа прыняць ад Канстытуцыі новай да стварэння адпаведных уладных структур, транзітных уладных структур, прыняцця вельмі важных стратэгічных рашэнняў.

Канферэнцыя – гэта ўсё ж такая сустрэча агульнага характару, але як бы там не было, з улікам таго, што не ўдалося склікаць кангрэс, за што выступала заўсёды НАУ, але нас партнёры не зразумелі ў гэтым, то мы лічым, што канферэнцыя павінна нас прывесці хаця б да акрэслення стратэгіі далейшых дакладных крокаў, што варта зрабіць. Мы пакуль камунікуем у рамках арганізацыйнага камітэта, у нас адбылася ў пятніцу даволі канструктыўная сустрэча з Офісам Святланы Ціханоўскай, я спадзяюся, калі мы выйдзем на дамоўленасці напярэдадні, то гэта паспрыяе пазітыўнаму рашэнню каманды НАУ.

– У праграме канферэнцыі такі пункт: Як рэарганізаваць дэмакратычныя сілы? З’яўляецца лагічнае пытанне рэарганізаваць можна ўжо нешта арганізаванае, а ў мяне суб’ектыўнае ўражанне, што за два гады пасля выбараў апазіцыя так і не арганізавалася. Маем адзін цэнтр у Вільні, адзін у Варшаве, аказваецца, што ў Берліне завязваецца трэці – Цапкалу маю на ўвазе – і ўсе яны нібыта ідуць у адным напрамку з мэтай адхіліць ад улады нелегітымнага прэзідэнта. І тым не менш, усе ідуць паралельна, але кожны сваёй сцежкай. Можа я памыляюся?

– Не зусім пагаджуся з Вамі, маеце рацыю, але не поўнасцю. Па-першае, упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі мы маем інстытуты дэмакратычных сіл у Беларусі, менавіта як інстытуты, якія змаглі захавацца на працягу гэтых двух гадоў і з’яўляюцца адносна эфектыўнымі, у параўнанні з тым, як гэта было раней. Ні ў якім разе не ставячы ніякіх закідаў у бок нашых папярэднікаў, я лічу вельмі важным карыстацца досведам таго чалавечага рэсурсу тых, хто працаваў на незалежнасць, дэмакратыю ў Беларусі пачынаючы з 90-х гадоў. І мы змаглі дабіцца поўнай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі на міжнарожнай арэне, з ім ніхто не хоча сустракацца, з яго прадстаўнікамі ніхто не можа камунікаваць, ён не можа падпісваць ніякія міжнародныя дакументы. Нам удалося развярнуць самы масштабны ціск на рэжым Лукашэнкі звязаны з эканамічнымі пытаннямі, таксама мы можа не шмат прасунуліся, але ўсё ж такі я лічу перспектыўным і мы прыцягнем да крымінальнай адказнасці як Лукашэнку, так і ўсіх яго паплечнікаў і над гэтым мы працуем даволі актыўна.

Пытанне па тым, што адбываецца сёння ў Беларусі – гэта тое, што выклікае самую вялікую заклапочанасць, што рэжыму Лукашэнкі ўдалося ўсталяваць сёння таталітарную сістэмы ўлады. Гэта тое, што трэба зразумець і акрэсліць, выпрацаваць дакладныя крокі, дзеянні, менавіта дзеянні, каб гэтую сітуацыю змяніць. Я лічу, што мы знаходзімся бліжэй да выніку, чым далей ад яго.

Цалкам размову слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя