Павел Латушка выехаў з Беларусі ў Польшчу
Член Каардынацыйнага савету новай беларускай апазіцыі Павел Латушка, нядаўна звольнены з Купалаўскага тэатра, у ноч на 2 верасня выехаў у Польшчу. Першым пра гэта паведаміла дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.
Латушка пацвердзіў выданню „Наша Ніва”, што зараз знаходзіцца ў Польшчы, але падкрэсліў, што пра эміграцыю размова не ідзе.
Па яго словах, ён збіраецца ўдзельнічаць у эканамічным форуме 8-10 верасня, а пасля наведаць Вільню. У прыватнасці ў Латушкі запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі польскага ўраду і сэйму, а таксама з палітыкамі і чыноўнікамі ў Літве. Ён мае намер інфармаваць усіх пра тое, што адбываецца ў Беларусі зараз.
Сябра прэзідыума Каардынацыйнага савету Максім Знак перад гэтым сказаў „Интерфаксу”, што не ведае, дзе Латушка і сувязі з ім няма. Сам Знак і Марыя Калеснікава застаюцца ў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя