Павел Латушка: Яго мэта – мець поўны кантроль над краінай



З Госцем Рацыі, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам пра апошнія падзеі ў Беларусі, ціск на журналістаў і праваабаронцаў размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Завяршаецца гэты тыдзень, ён быў даволі драматычным, прайшліся па журналістах. Які каментар можа быць цяпер, калі ўжо прааналізавалі гэтую сітуацыю?

Павел Латушка: Так, сапраўды рэжым робіць усё, каб падавіць незалежную прэсу. Гэта чарговая група, якая падвергнутая самым масавым рэпрэсіям. І да гэтага, канешне, журналісты цярпелі і знаходзяцца ў турмах, але іх колькасць павялічылася за апошні тыдзень, на жаль. Якая мэта? Гэта, па-першае, мсцівасць дыктатара, ён помсціць усім тым, хто дае праўду пра тое, што дзеецца ў нашай краіне, транслюе пра гэта. Па-другое, гэта зачысціць поле перад важнымі палітычнымі падзеямі, якія рыхтуе дыктатар. Маю на ўвазе перадусім рэферэндум па пытаннях Канстытуцыі. І, магчыма, пытанне можа быць унесенае пра больш шчыльную інтэграцыю з Расейскай Федэрацыяй. То бок я б сказаў, што гэта дзве галоўныя мэты, якія рухаюць рэжым дзеля таго, каб задавіць незалежную прэсу.

На жаль, у нас ствараецца сітуацыя, калі нанесены вельмі моцны ўдар па грамадзянскай супольнасці, грамадзянскіх ініцыятывах у нашай краіне, праваабаронцам. Але гэта яшчэ больш паказвае драматычнасць сітуацыі з аднаго боку і з другога боку адкрывае, хоць гэта ўжо не з’яўляецца сакрэтам, што гэта фактычна злачынны рэжым, які знаходзіцца ў нашай краіне.

РР: Як дапаможа правесці рэферэндум зачыстка вось гэтай грамадзянскай супольнасці? Мне падаецца, наадварот, трэба нейкім чынам легалізаваць вось гэты рэферэндум. А як яго можна легалізаваць, калі вось такая сітуацыя ў краіне?

Павел Латушка: Ён робіць шмат абсурдных крокаў, і калі ён даў загад, каб прымусова пасадзіць  самалёт, калі ён дае загад, каб у людзей стралялі, каб арыштоўвалі тысячамі на працягу некалькіх дзён, ён дае загад і арганізоўвае нелегальную міграцыю ў Літву. Тут логікі цяжка знайсці, хутчэй за ўсё яго мэта – мець поўны кантроль над краінай, каб ніхто не змог выказаць іншую думку, чым хоча пачуць толькі ён.

Фактычна ў нас за кожнае слова крытыкі ў адносінах да той сістэмы, якая ўзурпіравала ўладу, будзе кара, і гэта будзе карацца з пункту гледжання крымінальнага.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя