Павел Латушка: За рэпрэсіі Лукашэнку чакаюць новыя санкцыі



За рэпрэсіі Лукашэнку чакаюць новыя санкцыі. Кіраўнік антыкрызіснага кіравання Павел Латушка запісаў відэазварот з прычыны масавых рэпрэсій праваабаронцаў і няўрадавых арганізацыі ў Беларусі:

– Рэжым вырашыў у адкрытую, на вачах ва ўсяго свету “зачысціць” усе арганізацыі, якія проста выступаюць за праўду і правы ў Беларусі. Хачу выказаць словы падтрымкі праваабарончаму цэнтру “Вясна”, цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend, Руху “За свабоду”, медыяплатформе “Імёны”, кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, асацыяцыі “Бацькаўшчына”, Беларускаму Хельсінкскаму камітэту, берасцейскім праваабаронцам з Human Constanta, “Таварыству беларускай мовы”, цэнтру “Супольнасць”, праваабарончай арганізацыі “Гендарныя перспектывы”, цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, партыі БНФ і ўсім астатнім праваабаронцам і журналістам. Сённяшні рэпрэсіўны акт хунты паказвае, што яна зноўку ўчыніла масавае злачынства. Як каманда Народнага актыкрызіснага кіравання мы будзем настойваць перад Еўрапейскім звязам пра неабходнасць увядзення пятага пакета санкцый, неабходнасці пашырэння сектаральных санкцый.

Я звярнуўся з адпаведнымі прапановамі да Вярхоўнага камісара Еўразвязу па пытаннях знешняй палітыкі Барэлю, да кіраўніцтва Еўрапейскай камісіі, таксама да пасла ЗША і пастстаршыні Еўрапейскага звязу ў Беларусі.

Мы павінны дзейнічаць. Рэжым не можа сысці ад адказнасці. Жыве Беларусь!

Беларускае Радыё Рацыя