Павел Латушка: Захад падтрымлівае Лукашэнку



Уладзімір Пуцін стаў карысным ідыётам для Аляксандра Лукашэнкі, а Аляксандр Лукашэнка — выпадковым фаварытам Захаду, піша Павел Латушка ў сваім артыкуле ў „Rzeczpospolitа”.

„Парадокс у тым, што рэжым Лукашэнкі цалкам залежыць ад Крамля, яго насамрэч называюць суагрэсарам у вайне паміж Расеяй і Украінай, але яму ўсё роўна ўдаецца выйсці з сітуацыі цэлым”, – лічыць кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

РР: У Маскве адбылася сустрэча прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Нейкія вывады і назіранні можна зрабіць пасля гэтай сустрэчы?

Павел Латушка: Думаю, там было некалькі тэмаў. Галоўная тэма – удзел войск Беларусі ў наземнай аперацыі супраць Украіны. Пуцін пераконвае і цісне на Лукашэнку, каб ён накіраваў Узброеныя сілы Беларусі ва Украіну. Другая тэма – гэта пытанне эканамічных плюсаў, якія можа атрымаць Лукашэнка ад таго, што ён прадставіў тэрыторыю Беларусі для ажыццяўлення атакаў на Украіну, на размяшчэнне расейскай вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі і тое, што з тэрыторыі Беларусі ляцяць ракеты. Кожны дзень, фактычна, кожную гадзіну з-пад Мозыра ляцяць ракеты і бамбардуюць Украіну. У польскай газеце „Rzeczpospolitа” надрукавалі мой вялікі артыкул, мы яго накіравалі ўсім заходнім партнёрам, што сёння Захад робіць фактычна ўсё, каб трымаць ва ўладзе Лукашэнку. З аднаго боку, ён не ўводзіць моцныя санкцыі ў адносінах да Лукашэнкі, такія, якія маглі б параўнацца з санкцыямі супраць РФ. З другога боку, замежныя кампаніі не сыходзяць з беларускага рынку, такім чынам, ствараецца афшор для магчымасцей расейскага бізнесу. Фактычна Лукашэка зараз ужо выкарыстоўвае Пуціна, які для яго стаў карысным ідыётам, бо ён атрымаў пасля гэтага візіту, як падала Наталля Эйсмант, ільготныя цэны на газ, на нафту. Зразумела, што яму ўдалося адкласці выплаты крэдытаў. Лукашэнка атрымаў лепшыя магчымасці для продажу беларускай тэхнікі на расейскім рынку, атрымае таксама вайсковую тэхніку на тэрыторыю Беларусі. Ён сёння фактычна не знаходзіцца пад тым ціскам, пад якім яму належна быць, як агрэсару, і з другога боку, ён яшчэ атрымлівае свае плюсы ад Пуціна. Гэта сітуацыя не з’яўляецца для яго станоўчай, але яна не з’яўляецца для яго крытычнай.

РР: Можа гэта такая канцэпцыя еўрапейскй палітыкі? Магчыма мае рацыю Зяленскі, калі кажа, што ў Еўропе больш думаюць пра кашалёк, чым пра людзей Украіны, якія гінуць на вайне?

Павел Латушка: Мы можам думаць пра магчымасць існавання такой канцэпцыі. З другога боку, мы мусім памятаць, што беларускі народ паўтара года змагаецца супраць дыктатара Лукашэнкі. Калі хтосьці думае ў еўрапейскіх сталіцах ці ў ЗША, а я спадзяюся, што так не думаюць, што можна аддаць ў размен за Украіну Беларусь для Пуціна, і ён задаволіцца, то гэта не так. Гэта не спыніць ні Пуціна, ні Лукашэнку. У першую чаргу ў адносінах да Украіны, а па-другое, гэта ўжо пагроза для ўсіх суседзяў – Польшчы, Літвы, Латвіі.  І гэта можа зразумець толькі цвярозы палітык. Тыя, хто хоча жыць у нейкіх ілюзіях, то няхай так думаюць.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя