Павел Левінаў прапануе Ярмошынай правесці эксперымент
Палітычная дыскусія пра вэб-камеры на выбарчых участках вядзецца ў Беларусі. Яны дапамаглі б зрабіць працэс больш празрыстым, але іх не будзе. Назіральнікі неаднаразова прапаноўвалі на выбарчых участках усталяваць камеры, катэгарычна супраць іх старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якая неаднаразова казала: «камеры на выбарчых участках нічога не вырашаць, яны там не патрэбныя».
Праваабаронца Павел Левінаў лічыць аргументацыю Лідзіі Ярмошынай супраць вэб-камер на ўчастках вельмі слабой:
– І калі мяне Лідзія Міхайлаўна чуе, я ўсё ж такі да яе звяртаюся: а давайце зробім эксперымент, і на прэзідэнцкіх выбарах на дзесяці ўчастках метадам даставання шарыкаў з барабана ўсталюем вэб-камеры і пасля параўнаем вынікі на гэтых участках з вынікамі другіх участкаў. І вам тады, Лідзія Міхайлаўна, усё стане зразумелым, даюць яны штосьці ці не даюць.
У Беларусі прайшлі парламенцкія выбары, іх не прызнала міжнародная супольнасць, цяпер улады рыхтуюцца да прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Калі парламенцкія выбары разглядаць як падрыхтоўку да прэзідэнцкіх, праваабаронца Павел Левінаў прагназуе ўзмацненне ціску і кантролю за незалежнымі ўнутранымі назіральнікамі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя