Павел Левінаў: Улады тэставалі новую выбарчую тэхналогію



«Парламенцкія выбары паказалі, што мы гаспадары ў краіне», – з такой заявай выступіў Аляксандр Лукашэнка. Апазіцыянераў у Палаце прадстаўнікоў не будзе, маўляў, іх не выбралі беларусы. Назіральнікі з краін постсавецкай прасторы пасля выбараў заявілі пра іх «высокі ўзровень», а назіральнікі з Еўропы – гэтыя выбары чарговы раз не прызналі. Бо той працэс, што праходзіць у Беларусі, цяжка назваць выбарамі.

Нагадвае віцебскі праваабаронца Павел Левінаў, які сёлета працаваў у абласной камісіі:

– Мне ў гэтым годзе пашчасціла, калі так можна сказаць, нават назіраць за гэтым працэсам знутры, не за працэсам, а знутры. Хачу сказаць, што ў прынцыпе і працэсу, і выбараў як такіх няма. Больш чым за паўтары месяца да выбараў я прадставіў абласной камісіі ўсіх 14 будучых дэпутатаў па Віцебскай вобласці. Трапіў амаль на 100%, памыліўся толькі ў адным чалавеку.

І гэта гісторыя з дзеючым дэпутатам палаты прадстаўнікоў, які па стане здароўя не можа далей працаваць у наменклатурных структурах. Тут улады сёлета тэставалі новую тэхналогію, заўважае праваабаронца. Амаль на кожным участку былі дублёры праўладных кандыдатаў. Тэхналогія спрацавала ў Воршы, кажа Павел Левінаў:

– Памыліўся толькі таму, што падчас датэрміновага галасавання ён па прычыне, як мне вядома, цяжкога захворвання сышоў з перадвыбарнай гонкі. Перамог яго дублёр, які і фонд не адкрываў, і рахунак не адкрываў, і праграму сваю нідзе не друкаваў, на радыё, на тэлебачанні не выступаў, ні адной сустрэчы з выбарцамі не правёў. Разам з тым чалавек-невідзімка стаў дэпутатам.

Пачынаючы з 1995 года ні адны выбары ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як свабодныя і канкурэнтныя. А сёння Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў склад парламента, які абралі на мінулых выбарах. Ён адзначыў, што грамадзяне краіны ў пераважнай большасці падтрымалі на выбарах кандыдатаў, якіх прапанавала ўлада.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя