Павел Левінаў:  Выбарчай камісіі са мною сумна не будзе!



Аднаго з самых вядомых беларускіх праваабаронцаў, жыхара Віцебску Паўла  Левінава ўключылі ў склад абласной выбарчай камісіі. Для многіх гэта стала нечаканасцю, у тым ліку і для самога праваабаронцы:  апошнія 5 ці 6 выбарчых кампаній прайшлі для яго ў змаганні за тое, каб трапіць хаця б ва ўчастковую камісію. І змаганне гэтае было безвыніковым.

У інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя Павел Левінаў падкрэсліў, што ў чальца  абласной камісіі магчымасцяў заўважыць фальсіфікацыі або нейкія іншыя махінацыі не так шмат,  бо камісія не займаецца падлікам бюлетэняў. Але ён  збіраецца выконваць свае абавязкі ў адпаведнасці з заканадаўствам, і будзе патрабаваць гэтага ад іншых:

– Так, я разумею, што мне будзе нялёгка, – што камісія складаецца з 13-ці чальцоў, і адзін мой голас супраць 12-ці , скажам, нічога не значыць. Але я маю права наведваць і акруговыя камісіі, і ўчастковыя камісіі, і ў тым ліку прысутнічаць падчас падліку галасоў. Упэўнены, сумаваць абласной выбарчай камісіі з маім удзелам не давядзецца!

Павел Левінаў стаў адзіным праваабаронцам на Віцебшчыне, якому ўдалося трапіць у выбарчую камісію абласнога рангу. У мінулыя гады ў яе былі ўключаны  прадстаўнікам Партыі левых “Спpавядлівы свет” і Партыі БНФ, а падчас мінулай выбарчай кампаніі ў абласной выбарчай камісіі не было ніводнага прадстаўніка віцебскай дэмакратычнай супольнасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск