Павел Мацукевіч: Беларусь успрымаецца ў свеце як пагроза



З 1-на па 2-е снежня ў польскім горадзе Лодзь прайшоў з’езд Рады міністраў замежных спраў АБСЕ. Замест Уладзіміра Макея на саміце Беларусь прадстаўляў пастаянны прадстаўнік пры міжнародных арганізацыях у Вене і пры АБСЕ Андрэй Дапкюнас, які без зменаў зачытаў прамову, спецыяльна напісаную для Макея яшчэ загадзя.

Вольга Сямашка пагутарыла з былым часовым павераным у справах Беларусі ў Швейцарыі, а зараз старэйшым даследчыкам Цэнтра новых ідэй, Паўлам Мацукевічам пра тое, якія перспектывы для Беларусі нясе яе саўдзел у вайне з Расеяй супраць Украіны надалей, што беларуская дзяржава ўжо страціла на гэтым фоне і ці паўплывала б асабістая прысутнасць Макея на хаду сустрэчы АБСЕ ў Лодзі.

РР: Ці паўплывала б прысутнасць Уладзіміра Макея на хаду Рады міністраў АБСЕ?

– Справа ў тым, што ўдзел Макея мог бы прывесці да таго, што адбыліся б нейкія кантакты. З таго, што я разумею, былі нейкія папярэднія дамоўленасці пра сустрэчу Макея з прадстаўнікамі еўрапейскіх краін. Наколькі я разумею, гэтыя кантакты маглі быць на ўзроўні міністраў замежных спраў еўрапейскіх дзяржаў. З кім з краін, сказаць дастаткова складана, тут могуць быць розныя версіі.

РР: Што трэба рабіць Беларусі? Што мог зрабіць дыпламат?

– Пасол Дапкюнас наўрад ці можа штосьці зрабіць, акрамя як зачытаць афіцыйную пазіцыю беларускага боку. У гэтай афіцыйнай пазіцыі, яна канешне надзвычай непаўнавартасная, нават апеляваць няма да чаго. Беларусь удзельнічае ў вайне ў якасці суагрэсара. Ёсць вялікая рызыка непасрэднага ўцягнення Беларусі ў гэты канфлікт. З другога боку Беларусі ў гэтым канфлікце зусім няма чаго рабіць. Няма ніякіх беларускіх інтарэсаў у гэтай вайне, наадварот толькі адны пагрозы. Змянілася ўспрыняцце Беларусі ў Еўропе, то бок нашу краіну сёння ўспрымаюць, як адну з крыніц пагрозы. Іншая справа ў тым, ці ёсць у Беларусі выйсце, ці можа Беларусь заняць прынамсі нейкую нейтральную пазіцыю з улікам залежнасці ад Расеі, з улікам прысутнасці расейскіх войскаў на беларускай тэрыторыі. Можна задавацца пытанне ці ёсць увогуле нейкія магчымасці ў Беларусі неяк выйсці з гэтага канфлікту і хаця б застацца ўбаку. Ці прадстаўленне тэрыторыі гэта ў нейкім сэнсе максімум, што можа сёння зрабіць Беларусь. Можа быць горш, а горш будзе, калі Беларусь напрасткі будзе ўцягнутая ў гэты канфлікт. Па сутнасці рэжым апынуўся адзін на адзін з Крамлём, адзін на адзін з Расеяй. У гэтым канешне віна самога рэжыму, ніхто не прымушаў так актыўна паварочвацца да Расеі. З іншага боку ізаляцыя, санкцыйны ціск, яны не пакідалі кіраўніцтву Беларусі іншага выбару. Няма поля для манеўра сёння ў рэжыму ці нейкай кропкі апоры, каб абаперціся і паспрабаваць нейкім чынам адысці або адбегчы ад Расеі. Магчыма Макей спрабаваў стварыць для Беларусі нейкае мінімальнае поле для манеўру, каб выйсці з гэтай сітуацыі. Цяпер мы застаёмся там, дзе мы застаёмся. То бок на жаль пакуль на дадзеным этапе, мне здаецца, штосьці змяніць складана. Для Беларусі і Лукашэнкі шляхоў нармалізацыі адносінаў з Захадам, спосабаў, магчымасцяў нармалізацыі адносінаў з Захадам практычна няма. Ён цалкам страціў давер, які і так быў невялікім. Я думаю, што цяпер Еўропа наўрад ці будзе мець з ім нейкія справы. Тым больш, калі ён не будзе дэманстраваць ніякіх дзеянняў і крокаў у бок краін Захаду.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З „Госцем Рацыі” – былым часовым павераным у справах Беларусі ў Швейцарыі, цяпр старэйшым даследчыкам Цэнтра новых ідэй Паўлам Мацукевічам, размаўляла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя