Вызваліць Статкевіча можна без просьбы пра памілаванне
Па амністыі палітвязень Мікалай Статкевіч вызвалены быць не можа, аднак і сцверджанне пра тое, што Статкевіч павінен напісаць прашэнне, каб Лукашэнка мог яго вызваліць, няправільнае, бо згодна з існуючым заканадаўствам, і без прашэння Мікалай Статкевіч можа быць не толькі вызвалены, але і вернуты ў палітычнае жыццё. Такога меркавання прытрымліваецца юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка. Усе астатнія прававыя механізмы ў выпадку палітвязня Статкевіча не дзейнічаюць, кажа юрыст.
– Па амністыі не могуць быць вызвалены асобы, якія былі асуджаныя па гэтым артыкуле. Нават не можа быць скарочаны тэрмін пакарання. У выглядзе ўмоўна-датэрміновага вызвалення, замены на больш мяккае пакаранне палітык таксама не можа быць вызвалены, бо яму па надуманых звінавачаннях надалі статус асобы, якая злосна парушае парадак адбыцця пакарання. Таму ёсць такі механізм як памілаванне. І тут не патрэбны ніякія просьбы, звароты асуджанага да Лукашэнкі.
Паколькі ў норме Крымінальнага кодэкса няма адпаведнага ўказання або дасылкі на парадак, устаноўлены іншым нарматыўным актам, памілаванне можа быць ажыццёўлена без выканання якіх-небудзь папярэдніх умоў. Зняццё судзімасці актам памілавання можа ліквідаваць перашкоды да ўдзелу ў палітычнай дзейнасці, у тым ліку ў выбарах, як падкрэслівае Павел Сапелка.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя