Павел Севасцьян: За фальсіфікацыю выбараў будуць адказваць тыя, хто ў камісіях



Слонімскай гарадской арганізацыяй ГА БНФ „Адраджэньне ” ва ўчастковыя  выбарчыя камісіі горада Слоніма вылучана 8 сябраў, а Алесь Масюк вылучаны яшчэ і шляхам падачы заявы ад грамадзян.

Сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Павел Севасцьян сказаў, што вылучэнне адбылося дзеля таго, каб слонімцы маглі, у выпадку іх уключэння ў камісіі, забяспечыць сумленныя выбары, а таксама кантраляваць, як выконваюцца захады бяспекі на выбарчых участках ва ўмовах пандэміі каронавіруса. “Але, на маю думку, ніхто з сябраў не будзе ўключаны ў склад выбарчых камісіяў. Як гэта было і на ўсіх мінулых выбарах. Аднак, гэта будзе важным аргументам для грамадства, што выбары будуць недэмакратычнымі і несправядлівымі, бо ўчастковыя выбарчыя камісіі –  найважнейшая структура ў выбарчым працэсе. Менавіта яны вядуць падлік галасоў па бюлетэнях, астатнія камісіі падсумоўваюць лічбы пратаколаў участковых выбарчых камісій. Хаця сёлетнія выбары, у параўнанні з ранейшымі, будуць іншыя, і за фальсіфікацыю выбараў у райцэнтрах адказнасць кладзецца на кіраўнікоў участковых выбарчых камісій і тых, хто ў камісіях”, – адзначыў Павел Севасцьян са Слоніма.

Беларускае Радыё Рацыя