Павел Севярынец: 20 снежня нам патрэбна шматтысячная акцыя



Павел Севярынец заклікае масава выходзіць на акцыю 20 снежня супраць “паглыбленай інтэграцыі” з Расейскай Федэрацыяй.

Адзін з лідараў “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”, адзін з ініцыятараў акцыі, падкрэслівае: наш пратэст будзе насіць выключна мірны характар, мы не збіраемся чыніць ніякіх правакацый:

– Нам патрэбная шматтысячная акцыя на некалькі гадзінаў, якая будзе паказваць дух беларускага народа, ягонае нежаданне ніякіх саюзаў з імперскай Расеяй. І мы поўныя рашуцасці такую акцыю зрабіць. Мірна, спакойна, упэўнена, але адначасова рашуча.

Сам Павел Севярынец 18 снежня быў затрыманы амапаўцамі, прысуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыях 7-8 снежня ў цэнтры Менска, аднак нечакана адпушчаны пасля “тлумачальнай размовы”. Адносячыся да нядаўняга прызнання былога “собраўца” Юрыя Гараўскага ў справе зніклых палітыкаў, Севярынец зазначае наступнае:

– Мы назіралі за гэтай сітуацыяй і разумеем, што і расейцы ў пэўным сэнсе пераключылі ўвагу беларусаў ад абароны незалежнасці на гэту справу. Але наша задача правесці акцыю. Калі хтосьці прыйдзе на гэтую акцыю з партрэтамі зніклых, я лічу, што гэта будзе абсалютна дарэчы і абсалютна зразумела.

Збор удзельнікаў акцыі запланаваны на 18 гадзін 20 снежня на Кастрычніцкай плошчы, якую пратэстоўцы называюць плошчай Каліноўскага. Як дадаў Павел Севярынец, калі плошча будзе “заблакаваная” праваахоўнікамі, мітынг адбудзецца ў іншым месцы, але кропка збору застаецца ранейшай. Прыгадаем, што 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу маюць адбыцца чарговыя перамовы Аляксандра Лукашэнкі ды Уладзіміра Пуціна ў пытаннях інтэграцыі.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя