Павел Севярынец: 80% удзельнікаў акцый былі мне незнаёмыя



У Менску 7 і 8 снежня адбыліся пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй, у падтрымку незалежнасці Беларусі. Адзін з іх асноўных арганізатараў, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец у праграме „Госць Рацыі” распавёў пра вынікі гэтых несанкцыянаваных уладамі мерапрыемстваў.

РР: Пасля двух сутак знаходжання на плошчах і вуліцах Менску падчас пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй, як вы пасля гэтага марафону адчуваеце?

Павел Севярынец: Адчуваю добра. Дзякуй Богу, што на волі. Ёсць такое адчуванне зробленай працы. І ёсць рэчы, якія натхняюць.

РР: А голас усё ж такі крыху падсеў.

Павел Севярынец: Голас падсеў, таму што даводзілася не толькі ў апаратуру, але і жывым горлам трымаць шэсце на вуліцы. Але гэта прафесійнае, з часоў «Маладога фронту». Беларускаму палітыку трэба ўмець размаўляць з людзьмі на вуліцы. Ёсць рэчы, якія мяне вельмі моцна натхнілі за гэтыя два дні. У першую чаргу гэта тое, што на вуліцу выйшла вельмі шмат моладзі. Для мяне адсоткаў 80 наведнікаў акцыі былі незнаёмыя. Бо гэта людзі пакалення незалежнасці, тыя, хто ўжо вырас у незалежнай краіне. Я думаю, шмат для гэтага зрабілі, скажам, блогер  NEXTA, Сцяпан Святлоў, Эдуард Пальчыс, Павел Белавус, Зміцер Дашкевіч. Тыя людзі, якія падымалі маладое пакаленне. І вось нарэшце гэтае пакаленне Незалежнасці праявілася. Яны выйшлі на вуліцы. Ад іх зыходзіла энергетыка, якая вельмі моцна нагадала мне вясну 96, вясну 97, такі дух змагання за волю. Бо па дынаміцы, па гуку, па руху гэтыя акцыі адрозніваліся ад таго, што мы бачылі апошнія гады.

РР: Вы станоўча ацэньваеце тое, што адбылося ў Менску?

Павел Севярынец: Станоўча, канешне. Людзей магло быць і больш. Але гэта была несанкцыянаваная акцыя.

РР: Вось у гэтым і пытанне. Таму што вырашаецца лёс краіны: ці быць незалежнай, ці быць у складзе іншай краіны. А прыйшла тысяча. Не лічыце, што гэта можа быць выкарыстана гаспадарамі Крамля, яны скажуць: а вось паглядзіце, колькі прыйшло ў 2-мільённым горадзе ў 9-мільённай Беларусі, калі лічыць, што на акцыю прыязджалі і з іншых гарадоў. А за аб’яднанне – 90%.

Павел Севярынец: Насамрэч за аб’яднанне выйшаў у гэтыя дні толькі адзін чалавек. Гэта быў правакатар, якога злавілі і перадалі міліцыі каля будынку КДБ. За незалежнасць выйшла тысяча. Шмат гэта, ці мала? Найперш давайце мы згадаем, што гэта акцыя несанкцыянаваная. За яе можна было атрымаць 15 сутак, выляцець з працы, альбо з вучобы. Па-другое, Лукашэнка перад гэтым на сваёй прэс-канферэнцыі некалькі разоў сказаў, што ён незалежнасць не здасць, незалежнасць – гэта святое. То-бок, ён усяляк збіваў хвалю мабілізацыі на акцыю. Акрамя таго, мы ж усе прайшлі перад акцыяй штрафы і суткі, вулічныя актывісты, вулічныя палітыкі, гэта таксама быў сігнал людзям. Выйдзеце – мы вас аштрафуем. Улады імкнуліся, каб выйшла няшмат людзей, магчыма, паслаць нейкі сігнал, невялікі сігнал, але, магчыма, яны не чакалі, што выйдзе даволі шмат для Менску і для Беларусі. Мала таго, на другі дзень пратэстаў ужо ніякіх перамоваў не было. 8 снежня быў проста заклік абараняць незалежнасць. Была пагроза «адгрэбсці» за несанкцыянаваную акцыю. Не было ніякага прадмету пратэсту перад вачыма. І выходзіць зноў тысяча людзей, яны гуляюць па горадзе. Гэта паказвае, што ёсць сур’ёзны патэнцыял. Мне вельмі спадабалася адно выказванне ў сеціве, калі казалі пра тое, што людзей мала, то нейкі дзядзька вельмі трапна адказаў: гэта наш разведвальны атрад, беларуская партызанская нацыя, дзясяткі тысячаў, чакае вырашальных падзеяў, і мы можам выйсці, а вось гэта выйшлі маладыя разведчыкі, якія прамацалі сітуацыю. Мне здаецца, што гэта дарэчнае параўнанне. І я вам скажу, што людзі, якія выйшлі, гэта былі людзі смелыя, адважныя, яны не збаяліся адваёўваць прыступкі на Палацы рэспублікі, яны не збаяліся заблакаваць уваход міліцыі, якая там хадзіла, спрабавала сарваць акцыю, яны не збаяліся шыхтоў АМАПу і аўтазакаў каля расейскай амбасады, яны там скандавалі, чыталі вершы, рабілі сэлфі. То-бок, гэта бясстрашнае пакаленне. Яно ўваходзіць у беларускую палітыку праз вуліцы.

РР: Напярэдадні акцыяў які-небудзь перамовы з прадстаўнікамі ўлады ці міліцыі былі ў вас?

Павел Севярынец: Па-першае, пасля суда 5 снежня мяне павезлі ў Фрунзенскі райаддзел. І я на камеру папярэдзіў супрацоўнікаў міліцыі, што яны давалі прысягу і абавязаны абараняць Незалежнасць, канстытуцыйны лад, цэласнасць Беларусі. Гэта быў такі своеасаблівы кантакт. Прычым я не адчуў варожасці з боку міліцыянтаў. З міліцэйскім кіраўніцтвам мы не размаўлялі. Але ўжо каля расейскай амбасады, калі стала ясна, што там сотні АМАПаўцаў, у форме, ціхароў, цэлая калона аўтобусаў, і рыхтуюцца да разгону людзей, ясна, што я пайшоў размаўляць з Зміцерам Балабам, гэта кіраўнік менскага АМАПу, мы дамовіліся, што да нас выйдзе кур’ер, які перадасць расейскім дыпламатам рэзалюцыю, прынятую на мітынгу.

РР: Усё ж такі 7 і 8 абыйшлося без затрыманняў.

Павел Севярынец: Абыўшлося без затрыманняў. Але што тычыцца паводзінаў міліцыі, пытанні ў мяне ёсць. Навошта было адцясняць людзей з прыступак Палаца рэспублікі, навошта было зрываць выступ Уладзіміра Арлова, гэта чалавек, які на сваіх плячах, можна сказаць, выносіў Незалежнасць у гэтую краіну. Ды вы, дзякуючы яму, і ў Лівіі не ваюеце, ты там, маёр, з гэтымі маладымі ціхарамі блажыш па-расейску, што гэтая акцыя несанкцыянаваная, але гэтыя людзі, магчыма, захавалі жыццё табе і тваім дзецям. Я проста хачу ім сказаць, не пілуйце сук, на якім вы сядзіце. Вы можаце яго падрубіць і пасля гэтага паехаць у Сірыю, ці на Данбас і вярнуцца ў цынкавых трунах.

Цалкам інтэрв’ю ў гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя