Павел Севярынец: АЭС у Астраўцы – гэта расейская ядзерная бомба



Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец выступіў на канферэнцыі Адамкуса ў Вільні наконт Астравецкай АЭС. Ніжэй падаем тэкст.

На гэты форум, галоўную антыімперскую пляцоўку ў нашай частцы свету, з’ехаліся прэзідэнты Літвы Наўседа, Грузіі Зурабішвілі, прэм’ер Малдовы Санду, украінскі спікер Парубій, амерыканскія кангрэсмены і прадстаўнікі Дзярждэпу, польскія, літоўскія ды румынскія міністры, нямецкія еўрадэпутаты, прадстаўнікі ХДС і рэспубліканцаў ЗША, аналітыкі і эксперты з усёй еўраатлантычнай прасторы. Былі першы кіраўнік незалежнай Літвы Ландсбергіс, былы прэзідэнт Валдас Адамкус, кіраўнік МЗС Літвы Лінкявічус, мэр Вільні Шымашус ды багата іншых.

Адным з галоўных пытаньняў была пагроза ЕС з боку АЭС у Астраўцы. Павел Севярынец выступаў у адной панэлі з міністрам энэргетыкі Літвы Жыгімантасам Вайчунасам, сустаршынём Еўрапейскай партыі Зялёных Рэйнхардам Буцікёферам, дзяржсакратаром Польшчы па пытаннях энэргетычнай стратэгіі Пятром Наімскім і намміністра энэргетыкі Румыніі Андрэем Маёраню. 

Выступ Севярынца: 

„Добры дзень, шаноўнае спадарства!

Дзякуй за магчымасць выступіць на гэтай канферэнцыі нашым літоўскім сябрам і асабіста Жыгімантасу Павільёнісу.

Праз тры месяцы ў рэактар Астравецкай АЭС у 45 кіламетрах адсюль загрузяць ядзернае паліва. Зоймецца гэтым “Росатом”, які на днях узарваў ядзерную ракету пад Северадзвінскам. Там некалькі чалавек загінулі, цяпер адсяляюць вёскі з-за радыяцыі і насельніцтва скупае ў аптэках ёд. Глядзелі серыял “Чарнобыль”?..

Астравецкая АЭС – гэта не праект Лукашэнкі. Гэта праект Пуціна, які ў апошнія гады палохае свет ядзерным апакаліпсісам. Калі вы яшчэ не здрыгануліся з гэтай нагоды – зараз самы час і самае месца.

Тое, пра што мы з вамі гаворым – гэта не толькі энэргетыка. Гэта стратэгічная ідэя расейскага Генеральнага штаба – размясціць каля самай мяжы з ЕЗ, бліжэй да Калінінграда, на накірунку верагоднага удара па Еўропе, атамную электрастанцыю. З аднаго боку, перашкодзіць энэргетычнай сінхранізацыі Літвы, Латвіі і Эстоніі з ЕЗ, з другога – стварыць ядзерную пагрозу на гэтым стыку.

Давайце цяпер паглядзім, што гэта за месца такое, Астравец.

Яшчэ ў 1990-ыя на замову з Масквы, для патрэбаў эканомікі СССР рыхтаваліся будаваць Беларускую АЭС, і Акадэмія навук БССР ацаніла дзясяткі патэнцыйных пляцовак для будаўніцтва. Вядучыя акадэмікі паставілі свае подпісы пад вынікамі даследвання. А вынікі такія: самая кепская для будаўніцтва АЭС пляцоўка – Астравецкая. Стаіць на разломах зямной кары. Былі землятрусы. Каля яе – магільнік сібірскай язвы.

У Беларусь вятры пераважна з Балтыкі. Калі штосьці здараецца ў Астраўцы, да Менску воблака даходзіць за некалькі гадзінаў.

У 2013 годзе пачалі будаваць АЭС у Астраўцы. Па-савецку, як і Чарнобыль.

Пастаянныя інцыдэнты. Рабочым рэгулярна не выплочваюць заробак – як яны працуюць, можаце ўявіць. Ужо 5 чалавек на будоўлі загінула, апошні – тыдзень назад. Два разы білі рэактар – адзін раз грохнулі ў слуп на чыгунцы, пакуль перавозілі, другі раз, у ліпені 2016-га, рэактар упаў з вышыні некалькіх метраў. Ядзерны рэактар! Інфармацыю хавалі. Пасля таго як з’явіліся сведчанні, вымушаныя былі прызнаць праблему, мяняць рэактар, замоўчваюць дэталі дагэтуль. Вам гэта нічога не нагадвае? 

Незалежныя спецыялісты ў Беларусі, калі пачынаеш гаварыць пра Астравецкую АЭС, задаюцца пытаннем: навошта гэта Лукашэнку? Навошта псаваць адносіны з Літвой і ЕЗ? Навошта мяняць расійскі газ на расійскі уран? Навошта палохаць людзей другім Чарнобылем?

Прадаць электрычнасць у ЕЗ не так проста. Сваёй электраэнэргіі ў Беларусі лішак. Давядзецца зачыняць два гарады, Навалукомль, 13 тысячаў чалавек, і Белазёрск, 12 тысячаў, пабудаваныя для абслугоўвання двух буйнейшых цеплавых электрастанцыяў. Год назад Лукашэнка сам на пасяджэнні ўраду паставіў пытанне рубам: ніхто, кажа, мне не патлумачыў, навошта нам АЭС і як яна ўбудуецца ў энэргетычную сістэму.

Не смейцеся, у нас так ужо 25 гадоў. 

У 2018-ым годзе мы правялі шэраг акцыяў супраць АЭС у Астраўцы. Быў масавы Чарнобыльскі шлях у Менску ў гадавіну Чарнобыля. Распачаўся Астравецкі шлях – планаваліся кожны месяц акцыі ў гарадах ад Менска да Астраўца. Да Астраўца не дайшлі. Удзельнікаў затрымлівалі прэвентыўна, здымалі з транспарту, судзілі і давалі вялізныя штрафы. Сёлета Чарнобыльскі шлях у Менску наогул быў забаронены, тыя, хто выйшаў, атрымалі штрафы.

Лукашэнка падаўляе любы пратэст у Беларусі супраць Астравецкай АЭС. АЭС Беларусі ня трэба, але пратэставаць супраць яе нельга. Чаму? Масква.

Так для чаго была пабудаваная Аставецкая АЭС? Скрасці частку з 10 мільярдаў расійскага крэдыту? Магчыма, але ж ёсць больш танныя і бяспечныя спосабы, чым ядзерны рэактар у чарнобыльскай краіне. Сапраўдны адказ ведаюць у Крамлі. Астравецкая АЭС – гэта стратэгічны праект Крамля. На Астравецкай АЭС асноўны корпус супрацоўнікаў камплектуюць спецыялістамі з Расеі.

Астравецкая АЭС – гэта расейская ядзерная бомба на мяжы з Еўрапейскім Звязам. Думаю, спадарства, усе вы глядзелі серыял “Чарнобыль”. Шмат словаў тут ня трэба. Трэба толькі адно: ясная і выразная пазіцыя Еўрапейскага Звяза: зачыніць АЭС у Астраўцы. Трэба абясшкодзіць расейскую ядзерную бомбу у 10 км ад мяжы з ЕЗ. Не пустыя пратаколы бяспекі лабістаў з МАГАТЭ, не казкі ад “Росатома”, не гульні з Лукашэнкам, а адзіная і салідарная пазіцыя: зачыніць. Патрэбная еўрапейская салідарнасць з Літвой і народам Беларусі, які не хоча другога Чарнобыля.

Заклікаю ўсіх адказных еўрапейцаў і іншых нашых сяброў не чакаць, пакуль другі Чарнобыль стане рэальнасцю. Крамлёўскіх вар’ятаў не спыняюць страты ў войнах. Яны рыхтуюць гібрыдную ядзерную вайну. Мы з вамі яшчэ можам ім перашкодзіць. Давайце зробім гэта”.

bchd.info