Павел Севярынец: Еўропа гатова змірыцца дзеля геапалітыкі



“Еўропе наканавана вярнуцца да прыярытэту маралі ў палітыцы”, – лічыць былы палітвязень і сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыі Павел Севярынец.

У Еўрапарламенце 14 кастрычніка пройдзе дыскусія пра адносіны Еўрасаюза і Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

Як паведамляе БелаПАН, падчас дыскусіі будзе абмяркоўвацца лёс еўрапейскіх санкцый у дачыненні да Беларусі, а таксама пытанне, ці прымусіць Еўрасаюз новая геапалітычная сітуацыя ў рэгіёне пайсці на паляпшэнне адносін з Беларуссю, нягледзячы на працяг парушэнняў правоў чалавека.

sievieryniec

Павел Севярынец: Безумоўна, еўрапейцам самім вырашаць, як сябе паводзіць з беларускім рэжымам. Пасля Украіны з’явілася вельмі шмат галасоў, якія заплюшчваюць вочы на стан дэмакратыі ў Беларусі дзеля геапалітычных выгодаў і гатовы дазволіць беларускім функцыянерам вызджаць на Захад. Але разам з тым трэба сказаць, што прынцыповыя ўмовы Еўразвязу нават па палітвязнях выкананы хіба напалову. Людзі вызвалены, але аднаўлення ў правах і рэабілітацыі не адбылося. У любы момант новыя палітвязні могуць стаць чарговымі закладнікамі. Да таго ж, людзі, якія фальсіфікуюць выбары, падаўляюць уласны народ і падазраюцца ў крымінальных злачынствах, проста не маюць права ўваходу ў прыстойную сям’ю.

РР: Улада зараз спрабуе паказаць ліберальнасць выбараў, пакуль нікога не саджаюць за краты…

Павел Севярынец: Нікога не саджаюць, але ж як пройдуць так званыя выбары? А пройдуць яны па старому сцэнару, нічога не зменіцца. Мне са свае палітычныя адсідкі давялося пабачыць вельмі шмат махляроў. Дух – адзін і той жа. Ты бачыш, як прыгожа і мягка сцеляць, кажуць добрыя словы, але дакладна ведаеш, што за гэтым стаіць. А стаіць за гэтым жаданне падмануць, аблапошыць лоха. Тое самае мы назіраем і ў адносінах да народу, і ў адносінах да еўрапейцаў. Таму даверу да гэтых “выбараў” няма і адпаведна ёсць вялікая засцярога. Калі даць магчымасць гэтым людзям зараз быць у Еўропе і паказваць, што нас прынялі ў прыстойны дом, то тут нічога добрага для таго прыстойнага дома няма.

РР: Еўропа змірылася і вырашыла прыняць беларускую ўладу такая, якая яна ёсць?

Павел Севярынец: Пакуль Еўропа гатова змірыцца дзеля геапалітыкі, але еўрапейская цывілізацыя ўсё ж такі грунтуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях. Мараль, як платформа, – першасна. Нават, нягледзячы на пэўны адыход ад гэтых прынцыпаў. Таму, думаю, да гэтага Еўропе наканавана вярнуцца – да прыярытэту маралі ў палітыцы. І нам, беларусам, таксама трэба з гэтага пачынаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя