Павел Севярынец: Ідзе “гандаль” людзьмі



Палітык Павел Севярынец выказаў сваё меркаванне, чаму ў краіне па-ранейшаму з’яўляюцца палітычныя крымінальныя справы.

Нагадаем, што “справай прафсаюзаў” зараз займаецца Следчы камітэт, якому яе перадаў Камітэт Дзяржаўнага кантролю.

Крымінальная справа распачата УДФР Камітэта дзяржаўнага кантролю па Менскай вобласці і гораду Менску 1 жніўня. У якасці падазраваных прыцягнутыя дзве асобы.

Крымінальная справа супраць Генадзя Фядыніча, старшыні прафсаюза, і Ігара Комліка, бухгалтара, распачата 2 жніўня. Іх вінавацяць у нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Ігара Комліка утрымліваюць пад вартай.

Павел Севярынец: І “справа патрыётаў”, і “справа прафсаюзаў” распрацоўваліся па схеме, якой карыстаецца сёняшні рэжым. Гэта – “гандаль” людзьмі. Бяруць у закладнікі палітычных апанентаў і затым гандлююцца. Пераважна з Захадам. Маўляў, мы іх адпусцім, а вы нам за гэта дайце нейкія прэферэнцыі.

На жаль, мы гэта бачылі ў 2010-2011 гадах, тое самае было ў 2015-м годзе. Тая самая схема. І, на жаль, Захад схільны гуляць у такія гульні, таму мы і маем бесперапынны працэс. З аднаго боку – гвалт. З іншага – працяг дыялогу. Калі б еўрапейцы былі больш прынцыповымі, я перакананы, што такіх гандляў проста не магло быць.

РР: Ці ёсць верагоднасць таго, што фігуранты спраў могуць атрымаць рэальныя тэрміны зняволення?

Павел Севярынец: Безумоўна. Калі Расея дасць грошай, а еўрапейцы будуць працягваць паводзіць сябе так, як паводзяць зараз, то вельмі верагодна, што фігуранты гэтых спраў могуць апынуцца турмах.

Рэжым дэманстратыўна робіць гэтыя справы, вызначаючы чырвоную лінію, да якой можна даходзіць рэпрэсіўнай машыне. І толькі ад еўрапейцаў залежыць, да якой лініі дазволяць ісці. Асабіста я далягляду не бачу. Пакуль што ў Менск прызджаюць еўрапейскія чыноўнікі, усміхаюцца незалежным СМІ і прадстаўнікам дэмакратычнай грамадскасці Беларусі, а ў гэты час улады за спіной еўрапейцаў кідаюць за краты патрыётаў і лідараў незалежных прафсаюзаў, душаць штрафамі актывістаў. Нічым іншым, як здрадай, я гэтую сітуацыю назваць не магу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя