Павел Севярынец: Канвеер не спыняецца, працуе



Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец атрымаў СМС з канцылярыі суду Цэнтральнага раёна Менску. Яго запрашаюць 10 сакавіка на разгляд адміністрацыйнай справы, датычнай прадпрымальніцкага мітынгу 22 лютага. Павел Севярынец паведаміў нашаму радыё, што не збіраецца губляць час і на суд не пойдзе:

– Канвеер працуе, але ўсё гэта праз смс-кі, поштай дасылаецца копія пратакола. Суд, я так разумею, адбудзецца завочна, для таго, каб не хваляваць еўрапейцаў. Відавочна, прысуд будзе абвінаваўчы, беззаконы, таму я думаю, што прышлюць поштай пастанову, і трэба будзе чакаць наступнага суду за акцыю 28 лютага.

Севярынец таксама зазначыў, што акурат на 10 сакавіка прызначанае чарговае паседжанне Камітэту выратавання прадпрымальніцтва. “Відавочна, што ўлады вельмі турбуе пратэстная вулічная хваля, і яе хочуць любым спосабам пагасіць”, – лічыць палітык.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя