Павел Севярынец: Людзі ў рэгіёнах пачалі займацца сваімі ўласнымі справамі



Напярэдадні ўстаноўчага з’езду Партыі „Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” сустаршыні аргкамітэту БХД правялі шмат сустрэчаў са сваім актывам у рэгіёнах. Павел Севярынец за апошні тыдзень наведаў шэраг гарадоў Віцебскай і Берасейскай вобласці.

– Уражанне такія, што людзі, часткова, скажам так, разгубленыя. Пасля падзеяў ва Украіне і пасля таго, што правалілася вылучэнне адзінага. Але адначасова людзі проста зразумелі, што ёсць патрэба самаарганізацыі. Яны ўжо менш глядзяць на Менск, у першую чаргу паглыбляюцца ва ўласныя справы, ва ўласныя гарады, і гэта добра. Таму што самаарганізацыя – гэта беларускі адказ на сённяшнюю сітуацыю. Мне здаецца, гэта найлепшы адказ.

Дамова на правядзенне ўстаноўчага з’езду Партыі „Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” падпісана з кіраўніцтвам Палаца культуры МТЗ. З’езд адбудзецца 13 чэрвеня. На ім плануецца прыняць рашэнне пра рэгістрацыю партыі, прыняць яе абноўленую і пашыраную праграму, абраць кіраўніцтва і абмеркаваць палітычныя кампаніі 2015 года.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя