Павел Севярынец: Настае час новых герояў
2015 год падыходзіць да завяршэння. Асноўныя падзеі года ўзгадвае сустрашыня стваранай партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец.
– Самай галоўнай падзеяй гэтага года для мяне стала смерць Алеся Чаркашына, які ваяваў як капелан і медык у складзе беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Я асабіста быў з ім знаёмы і ведаў яго як цудоўнага чалавека, ягоная смерць зрабіла на мяне наймацнейшае ўражанне. Другой важнай падзеяй года я лічу вызваленне беларускіх палітвязняў. Таксама – Нобель Святланы Алексіевіч.
РР: Як Вам узгадваецца сёлетняя выбарчая кампанія?
Павел Севярынец: Гэтую падзею нельга пакінуць па-за ўвагай, але і выбарамі назваць нельга. Гэта быў спектакль. АБСЕ пацвердзіла, што выбараў не было, і таму Захад зараз у няёмкім становішчы, бо яму трэба зараз і размаўляць з Лукашэнкам, і казаць, што сумленных, дэмакратычных выбараў не было.
РР: Як паўплываў украінскі фактар на светаадчуванне беларусаў?
Павел Севярынец: Безумоўна, падзеі ва Украіне моцна змянілі светаадчуванне. Расея паказала сваю агрэсіўную сутнасць. Зараз мы бачым тую Расею, пра якую папярэджвалі і Зянон Пазьняк, і многія беларускія дэмакратычныя дзеячы. Беларусы пад уздзеяннем тэлевізійнай прапаганды хіснуліся на бок Расеі.
Але, звярніце ўвагу, якая паказальная рэакцыя ў новага пакалення маладых беларусаў. Фанаты, якія раней былі з імперскімі расейскімі сцягамі, зараз выступаюць з бел-чырвона-белымі сцягамі і Пагоняй, масавыя курсы беларускай мовы, тысячныя канцэрты з бел-чырвона-белымі сцягамі ў Літве, Польшчы і Украіне, павага да беларускай сімволікі і нацыянальнага арнаменту. Новая беларуская нацыя, якая паўстае на базе гэтай моладзі, адназначна падтрымлівае Украіну ў яе барацьбе за свабоду.
Пакуль моладзь выяўляе сябе хутчэй культурніцкім або інфармацыйным чынам. Я магу назваць толькі “Малады Фронт” і “Ваяр”. Але думаю, што ў наступным годзе мы ўбачым выхад на арэну новага пакалення, новых герояў, якія на ўвесь голас заявяць пра тое, што Беларусь мусіць быць незалежнай, што Беларусі трэба супраціўляцца Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя