Павел Севярынец: Нечысць баіцца крыжа



Абарона Курапатаў працягваецца. Улады не далі ўсталяваць тры сяміметровыя крыжы. Іх планавалася размясціць на ўскрайку ўрочышча непадалёк ад рэстарацыі „Поедем поедим” (ранейшы назоў „Бульбаш-хол”).

Ад самага ранку тэрыторыю народнага мемарыялу ўздоўж кальцавой аўтадарогі патрулявалі ДАІ і АМАП. Унутры ўрочышча працавалі супрацоўнікі Бараўлянскага спецлясгасу. Кіраўніка кампаніі „Цесляры” Змітра Дашкевіча і двух ягоных паплечнікаў, якія мусілі даставіць крыжы на грузавіку, затрымалі па дарозе да Курапатаў. Пасля іх адпусцілі, склаўшы пратакол па артыкуле 12.17 КоАП Беларусі

РР: Чаму ўлады вырашылі так брутальна ўмяшацца ў сітуацыю і не даць паставіць гэтыя крыжы?

Наста Дашкевіч: Я думаю, што гэта была памылка з боку ўладаў. Я думаю, што яны проста перастрахаваліся.

РР: Актывісты ставяць на браму рэстарацыі адбіткі далоняў у чырвонай фарбе. Па вашай інфармацыі, з рэстарацыі ўжо вывозяць абсталяванне?

Павел Севярынец: Так. Абсталяванне для бара вывезлі ўчора. Вывезлі ўчора запасы кураціны. Відавочна, што рэстарацыя банкруціцца, прастойвае. Некалькі наведнікаў у дзень – вось і ўсё, што ёсць у “Бульбаш-Хола” сёння. Таму гэта не бізнес-праект. Бізнесоўцы даўно б ужо згарнуліся. Але яны па-ранейшаму стаяць. Альбо яны вывезуць гэта ўсё цягам пару тыдняў і зачыняцца, тады я павіншую грамадскасць з перамогай. Альбо гэта ўсё ж такі сапраўды Лубянка, і яны будуць настойваць і будзе гэты нож у цела беларускай нацыі ўтыкнуты і будуць яны яго яшчэ праварочваць і налягаць на яго.  

РР: Анансаваныя перамовы адкладваюцца на няпэўны час ці іх увогуле не будзе?

Павел Севярынец: Нам, абаронцам Курапатаў, прапановаў не паступала. 29-га было меркаванне Зайдаса, што ён можа прыехаць на перамовы, але, на наш погляд, гэта была спрооба разбурыць 29-га, спроба пазбавіцца ад нашай прысутнасці ў гэтую пятніцу, калі тут будуць ускладаць кветкі прэзідэнты і дэлегацыі з чатырох краін.

РР: Чаму, на ваш погляд, улады вырашылі сарваць талаку, у прыватнасці, устаноўку трох сямімятровых крыжоў сёння ў Курапатах?

Павел Севярынец: Баяцца крыжа. Нечысць баіцца крыжа. Я другіх тлумачэнняў не бачу. Але тым не менш, бачыце, акцыя ёсць, людзі ёсць.

РР: Сёння ноу-хаў пратэстнае – вывешваюцца пратаколы затрыманняў.

Павел Севярынец: Вывешваюцца копіі пратаколаў затрыманняў і на іх ставяцца чырвоныя пячаткі.

На талаку прыйшоў і Леанід Кулакоў, траўмаваны актывіст, яго збіў аўтамабіль.

РР: Як, па-першае, вы пачуваецеся? Як вашая рука?

Леанід Кулакоў: Гэта быў ужо другі наезд на мяне. Першы быў 5 чэрвеня, калі кіроўца на вялікай хуткасці паклаў мяне на капот. Яму далі палову базавай велічыні. Я пазаўчора падаў скаргу ў пракуратуру. Я не згодны з такім мяккім прысудам. Ён мяне збіў, я ўпаў, і ён таксама з’ехаў з месца ДТЗ. На што мне ў ДАІ сказалі, што гэта было не ДТЗ, маўляў, у мяне не было сінякоў, не было пашкоджанняў, не было парванай вопраткі. Тым не менш, ён таксама пакінуў месца здарэння. Ён павінен быў выйсці з машыны, пераканацца, што са мной усё ў парадку, выклікаць “хуткую”, выклікаць міліцыю і тады з’язджаць. Ён гэтага не зрабіў.

РР: А вы тым не менш усё роўна тут, нягледзячы на траўму.

Ленід Кулакоў: Разумееце, я проста думаю, што ў маім выпадку ўлады павінны ўжо задумацца і прыняць нейкае рашэнне, што рабіць далей. Або зачыняць рэстарацыю, або тут зараз нам пачнуць ламаюць косці, а ў горшым выпадку можа праліцца кроў.

РР: Што будзе з гэтымі крыжамі? Ці будуць яны ўсё ж усталяваныя? Сёння ўлада сарвала гэтую акцыю.

Ганна Шапуцька, каардынатарка ініцыятывы за ўратаванне мемарыяла Курапаты: Так, я ўпэўненая, што яны будуць усталяваныя. Не ведаю, як хутка, але ж абавязкова ўсталюем. Не праблема зрабіць новыя крыжы і ўсталяваць.

РР: Што вы думаеце наконт перамоваў з уладальнікамі рэстарацыі?

Ганна Шапуцька: Шчыра кажучы, аб чым дамаўляцца? Усё зразумела. Тут адзінае – ім трэба проста браць і прымаць рашэнне: заставацца людзьмі і зачыняць гэтую рэстарацыю. І для сябе прыняць рашэнне. Не ведаю. Перанесці яе, ці проста пакінуць тут, ці знесці.

Сёння Курапаты наведала польская дэлегацыя, але зрабіла гэта непублічна, без каментароў для прэсы. Адначасова тут былі хрысціянскія актывісты з Заходняй Еўропы. Яны нават дапамаглі прымацоўваць пратэстныя плакаты да агароджы рэстарацыі. З’яўленне забаўляльнага комплексу ля народнага мемарыялу каментуе жыхар Францыі Хэнін Шыкора.

Хэнін Шыкора: Яны робяць гэта дзеля грошай. І не думаюць пра маральныя праблемы. Яны не ўсведамляюць, што робяць.

„Цясляроў” адпусцілі з міліцыі праз 4 гадзіны пасля затрымання. Аднак крыжы канфіскавалі. Тым не менш, актывісты цягам месяца плануюць усталяваць у Курапатах тузін сяміметровых крыжоў. Сабекошт кожнага ацэньваецца прыкладана ў 400 рублёў, таму патрэбныя ахвяраванні грамадскасці. Усе крыжы будуць пакрытыя карабельным лакам і люмінафорам, з-за чаго будуць свяціцца ўначы.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Курапаты