Павел Севярынец падаў заяўку для ўдзелу ў праймерыз



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец 13 лютага падаў заяўку для ўдзелу ў працэдуры выбараў адзінага кандыдата ад апазіцыі.

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік штаба праймерыз, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, Севярынец стаў трэцім прэтэндэнтам, які падаў заяўку на ўдзел у праймерыз. Раней заяўкі падалі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і кіраўнік руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч.

У каментары БелаПАН Севярынец адзначыў: „Галоўнае, што даюць праймерыз, — гэта спосаб аб’яднацца, сабраць сілы і сказаць беларусам, што пара адваёўваць права на свабодныя выбары”. „Калі будуць рэпрэсіі альбо не рэгістрацыя адзінага кандыдата, то аб’явім байкот выбарам”, — дадаў ён.

„Мы праводзім народнае галасаванне па ўсёй Беларусі, каб выбраць адзінага лідара. Мы аб’едзем усю краіну, правядзем сустрэчы і разам будзем ламаць сцэнарый фальсіфікацый. Наша мэта — адстаўка Ярмошынай, няўдзел Лукашэнкі, уключэнне ў выбарчыя камісіі нашых прадстаўнікоў і сумленны падлік галасоў. Беларускаму народу за 26 гадоў надакучыла галеча і беззаконне”, — падкрэсліў Севярынец.

Палітык таксама заявіў, што плануе правядзенне мірных масавых акцый пратэсту адразу пасля абвяшчэння даты прэзідэнцкіх выбараў.

Паўлу Севярынцу 43 гады, палітыкай займаецца з 1995-га. Адзін з заснавальнікаў „Маладога фронту”, быў у ліку лідараў арганізацыі з 1997 па 2004 год. Актыўны ўдзельнік абароны Курапатаў. Адзін з ініцыятараў акцый пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй у снежні 2019 года. Неаднаразова праследаваўся ўладамі. Напісаў некалькі кніг.

Пагадненне аб працэдуры праймерыз падпісалі БСДП (Грамада), Партыя БНФ, АГП, аргкамітэт БХД і Рух „За Свабоду”. Выбары адзінага кандыдата прадугледжваюць выкарыстанне рэйтынгавай сістэмы. Размеркаванне балаў паміж прэтэндэнтамі пройдзе на аснове інтэрнэт-галасавання, галасавання ў рэгіёнах і галасавання дэлегатаў Кангрэса дэмакратычных сіл, які плануецца правесці ў другой палове мая. Там жа будзе абвешчаны адзіны кандыдат. Для ўдзелу ў галасаванні па выбары адзінага кандыдата прэтэндэнт павінен альбо вылучыцца ад зарэгістраванай партыі ці грамадскай арганізацыі, альбо сабраць 200 подпісаў. Акрамя таго, прэтэндэнт павінен унесці ўнёсак у эквіваленце 500 еўра.

Прыём заявак завяршаецца 16 лютага. Канчатковы спіс прэтэндэнтаў плануецца абвясціць 4 сакавіка.

Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года.