Павел Севярынец: Пагадненне пра еўравізы тармазіць беларускі бок



“Беларуская хрысціянская дэмакратыя” за зніжэнне кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Павел Севярынец. На яго думку, якраз беларускі бок тармозіць ход перамоў з Еўразвязам і не падпісвае неабходныя дакументы.

– Абсалютна зразумела, што трэба зніжаць кошты, або цалкам рабіць візы бясплатнымі, або так, як візы каштуюць для Украіны, напрыклад. Еўрапейцы спасылаюцца на тое, што тут павінны быць два партнёры, павінна быць згода беларускага боку. Беларускі бок спасылаецца на нейкія тэхнічныя складанасці і не падпісвае гэтыя пагадненні.

У цяперашні час ужо падрыхтаваны для падпісання тэкст пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўразвязам.

Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка дырэктара па пытаннях Еўропы і Сярэдняй Азіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд, які наведаў Менск. У міністэрстве замежных спраў Беларусі са здзіўленнем успрынялі гэту заяву. Па словах намесніка кіраўніка МЗС Алены Купчыной, бакам да гэтага часу не ўдалося вырашыць праблемы з пагадненнем аб рэадмісіі, якое павінна быць падпісана разам з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя