Павел Севярынец: Пасля тэрактаў Еўропа перад выбарам



Беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы актыўна абмяркоўваюць, якія наступствы могуць мець учарашнія тэрарыстычныя выбухі ў Бруселі, расейскі прысуд украінскай лётчыцы, дэпутату Вярхоўнай Рады Надзеі Саўчанцы ды адмова апазіцыйнай правацэнтрысцкай кааліцыі ва ўдзеле ў маючым адбыцца Кангрэсе дэмакратычных сіл. Наш госць – сустаршыня незарэгістраванай Партыі БХД ды Беларускага Камітэта салідарнасці з Украінай Павел Севярынец.

IMG_0997

РР: Зранку была заява КДБ, што выхадцы з Беларусі браты Доўбашы і Марат Юсупаў да тэрактаў у Бруселі прамога дачынення не маюць. Тым не менш, рэагаванне на падзеі, як на Захадзе, так і на Усходзе, будуць мець наўпроставыя наступствы для беларускай сітуацыі. Дастаткова прыгадаць учарашні эфір на РТР з Салаўёвым, дзе нязменная “хеўра” крамлёўскіх выступоўцаў начале з Жырыноўскім дагаварылася да таго, што “дэмакратыя ды правы чалавека ад тэрору не ўратуюць” і патрэбна “татальнае праслухоўванне ФСБ усіх тэлефонаў!”

Павел Севярынец: Версія пра Доўбашаў пайшла праз тэлеканал “Life news” – чытай, з фээсбашнага асяроддзя. Думаю, гэта быў спосаб пэўным чынам перавесці стрэлкі з сабе ды ўкалоць Лукашэнку. Таму трэба даследаваць сцверджанне кіраўніка ўкраінскага СБУ пра “расейскі след”. Бо, апроч праславутай Ісламскай дзяржавы, дэстабілізацыя Еўропы выгадная яшчэ аднаму палітсуб’екту, што зараз кіруе Крамлём. Разгойдвае сітуацыю ўсяляк – ад подкупу ультраправых партый да ўдзелу ў сумніўных авантурах, у тым ліку, тэрарыстычных…

РР: Але ёсць і рэакцыя, прынамсі, ад сенатара з польскага Падляшша Яна Дабжыньскага, дзе ён прама абвінаваціў Ангелу Меркель у “неразважлівай” эміграцыйнай палітыцы, якая таксама, нібы, прывяла да тэрактаў…

Павел Севярынец: Абвінавачваць фраў Меркель наўрад выпадае. Немцы вельмі ўніклівыя людзі, што вылічваюць да прыняцця рашэнняў сітуацыю цалкам. Не думаю, каб яна неабачліва растрачвала свой вялікі палітычны капітал толькі на правядзенне палітыкі мульцікультуралізму. Відавочна, што там больш сур’ёзныя падставы. Але бясспрэчна, што Еўропа мусіць даць адэкватны адказ! На мой капыл, гэта адкрытае хрысціянства, якое пераконвае ды стварае непрымальную для гвалту атмасферу ў грамадстве. Альбо фашызм, што змагаецца злом са злом – дэпартацыямі, рэпрэсіямі, тэлефоннымі праслухоўваннямі людства. Выбар невялікі – “бі іншародцаў” ды “ўсе вон!” Як пры Гітлеры, прыход якога, здавалася, быў парламенцкім і законным. Трэба не хавацца ад вырашэння праблем за нараканнямі на прыезд ісламскіх радыкалаў. Дый не пакідаць па-за ўвагай адпаведных службаў анклавы і гета ля сталіц і буйных гарадоў, адкуль пасля і гучаць узрывы аж ля адміністрацыйнага сэрца Еўразвязу. Альбо памянёнае Хрысціянскае Абуджэнне. У гэтым сэнсе мне пасуе шлях, што ідуць сучасныя Вугоршчына ды Польшча. Новыя ўсходнееўрапейскія лідары Орбан, Дуда, Беата Шыдла, што акурат і робяць стаўкі на ўзмацненне хрысціянскіх каштоўнасцяў ды адстойванне палітыкаэканамічнай самастойнасці. Ствараюць для тых жа эмігрантаў дастаткова цвёрдыя, але не антычалавечныя ўмовы для пражывання.

РР: Пытанне, як да сустаршыні Камітэта салідарнасці з Украінай. Пра прысуд Надзеі Саўчанцы, які наша нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексеевіч назвала “вар’яцтвам улады”?

Павел Севярынец: Гэта не вар’яцтва, а халодны бандыцкі разлік, выстаўленне “на кон” чарговага закладніка. Мы ўжо ведаем, што расейцы прапаноўвалі абмяняць гераіню на адкрыццё транспартнай трасы ў Крым праз Украіну, іншыя геапалітычныя выгоды для расейскай ваеншчыны. Мяркую, Пуцін паслядоўна і надалей будзе шантажаваць Украіну і Еўропу для ажыццяўлення сваёй, у тым ліку, вайсковай экспансіі. І да тых часоў, пакуль не разваліцца крамлёўскі імперскі монстр, разважаць пра сур’ёзнае паляпшэнне будзе складана.

РР: Не магу не закрануць лёс Кангрэса дэмакратычных сіл, што апынуўся пад вялікім пытаннем. Аж пасля адмовы правацэнтрысцкай кааліцыі – БНФ, БХД ды руху “За Свабоду” – браць увогуле, удзел у ім. У выніку, ініцыятары – Мікола Статкевіч, Станіслаў Шушкевіч ды Уладзімір Някляеў – засталіся “аголенымі”, без падтрымкі апазіцыйных партыйных структур. Ці сапраўды, як сцвярджае шэраг аналітыкаў, арганізацыя кангрэса – вырашэнне таго, “хто будзе лідарам апазіцыі” ды іншых задач вузкапалітычнай кан’юнктуры?

Павел Севярынец: У ідэале, канешне, было б, каб і Кангрэс правялі ўсе разам і ценявы альтэрнатыўны парламент стварылі. І супольна збіраліся па ўсіх акругах для абмеркавання агульнай тактыкі ды стратэгіі, што сарвала б чарговы спектакль Ярмошынай. Гэта было б выйсце! Што да пазіцыі БХД, яна вузкапартыйна вылучыцца на нарадзе, што адбудзецца 28 сакавіка. Так, большасць нашых палітычных партнёраў супраць. Выкажу сваю пазіцыю. За паўтара года, што мне давялося ўдзельнічаць у перамовах па вызначэнні адзінага кандыдата перад прэзідэнцкімі выбарамі-2015, іх параза пераканала мяне ў тым, што пры сённяшняй камбінацыі, а мо і пакаленні палітычных лідараў…

РР: Спадзяванняў на перспектыву бракуе?

Павел Севярынец: Так, на жаль, мала…

Паводле інфармацыі суразмоўцы, апазіцыйныя палітыкі – заяўнікі акцый да Дня Волі – плануюць 25 сакавіка апынуцца ў Менску, вылецеўшы з Амстэрдаму пасля ўдзелу ў Еўранэсце – парламенцкай асамблеі “Усходняга партнёрства”, а значыць, правесці ды ўзяць удзел у святкаванні па запланаванаму сцэнарыю.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя.

Фота аўтара