Павел Севярынец: Патрэбны беларускі лідар



У Менску 18-га кастрычніка пачалі працу лідарскія курсы, іх арганізаваў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

У размове з карэспандэнтам Беларускага Радыё Рацыя Генадзем Барбарычам палітык распавёў пра іх асаблівасці і ролю грамадскага лідара ў сучаснай Беларусі:

Павел Севярынец: Бясплатныя лідарскія курсы пачынаюцца ў Менску – гэта працяг добра вядомых курсаў “Ды-джэяў Адраджэння”. Зараз мы іх пазіцыянуем трошкі па-іншаму, бо раней многія, хто атрымліваў рэкламу, думалі, што гэта курсы для нейкіх меламанаў. У рэальнасці гэта курсы для лідараў, якія гатовыя працаваць у асветніцкай сферы, у сацыяльнай сферы, у грамадскай, нават палітычнай. Рыхтуем універсальных лідараў, такі асаблівы грамадскі спецназ. Курсы будуць доўжыцца тры месяцы – шточацвер дзве гадзіны, дзевяць тэарэтычных заняткаў, тры практычных. Масавая індывідуальная псіхалогія, лідарства, асоба, адказнасць. Самыя розныя тэхналогіі: блогінга, працы з медыямі, арганізацыя акцыяў і правядзенне кампаніяў. Усё гэта будзе выкладацца найлепшымі грамадскімі лідарамі Беларусі, тымі, хто раней скончыў ды-джэйскія курсы і проста вядомымі грамадскімі беларускімі зоркамі.

РР: Хто гэта?

Павел Севярынец: Нагадаю, што курсы скончылі і атрымалі магістарскія ступені такія людзі, як Зміцер Хведарук і Андрусь Кім, Барыс Гарэцкі і Артур Фінкевіч, Віталь Зыблюк і Віка Чаплева, Ілля Дабратвор, Алесь Мазанік, Валерыя Чарнаморцава, Павел Дзюсекаў – гэта ўжо вядомыя ў сваіх сферах журналісты, экскурсаводы, лідары грамадскіх кампаній альбо нават палітычных арганізацый. Многія з іх будуць выкладаць, многія з іх будуць проста вітаць удзельнікаў, раіць ім нешта, ну і я спадзяюся, што ў пачатку наступнага года зноў абярэм, як заўсёды, дванаццаць пераможцаў – дванаццаць ды-джэяў адраджэння, дванаццаць лідараў.

РР: Шмат хто кажа, што лідараў у нас хапае, а не хапае шараговых актывістаў. Нават каля рэстарацыі “Поедем поедим” у Курапатах збіраецца 5-7 чалавек у лепшым выпадку.

Павел Севярынец: Гэта ізноў жа праблема лідарства, людзей здольных запаліць і павесці за сабой. Грамадства ляжыць мёртвым пластом, народ не прачынаецца. Сапраўдная праблема – гэта праблема адказнага лідарства, такіх лідараў у нас рэальна мала, у нас іх дэфіцыт.

РР: Каго вы за ўзор бярэце? Хто для вас з’яўляецца ўзорным лідарам у свеце і Беларусі?

Павел Севярынец: Лідар усіх часоў і народаў – гэта Ісус Хрыстос. Ён для мяне адзіны эталон лідарства. А што тычыцца сённяшніх рэаліяў, напрыклад Беларусі, вось Зміцер Дашкевіч вельмі яркі лідар, Андрусь Кім, Глеб Лабадзенка, Эдуард Пальчыс – гэта людзі, якія вызначаюць новы стандарт лідарства. Можна назваць досыць шмат людзей, якія адпавядаюць гэтым крытэрам. Людзі веры, людзі культуры, людзі ўпартага дзеяння, мне здаецца, што за такімі будучыня.

РР: 30-ць год таму ўтварыўся камітэт Беларускага Народнага Фронта, які таксама даў вельмі шмат лідараў, самы яскравы – гэта Зянон Пазьняк.

Павел Севярынец: Так, вядома, з таго пакалення лідараў Зянон Пазьняк, цэлая плеяда лідараў з парламенцкай апазіцыі БНФ – гэта проста цудоўныя людзі. Ад Сяргея Навумчыка і Сяргея Антончыка, Лявона Баршчэўскага – гэта сапраўды людзі на якіх раўнялася старэйшае пакаленне нацыянальнага руху.

РР: Лідары былі яскравыя і харызматычныя асобы, але чаму, па-вашаму, яны атрымалі паразу, былі адрынуты ад улады. Што здарылася?

Павел Севярынец: Я думаю гаворка ідзе пра тое, што і тады лідараў не хапала. Ну паглядзіце, 30 чалавек парламенцкай фракцыі на 350 дэпутатаў – гэта 1/10 частка. Насамрэч, напрыклад, ва Украіне тых часоў колькасць параўнальных лідараў, у тым ліку у асветніцкай і адукацыйнай сферы, яна вымяралася сотнямі і тысячамі. У нас на жаль дзясяткамі. У выніку Беларусь зараз там, дзе яна ёсць, Украіна там, дзе яна ёсць, Польшча там, дзе яна ёсць. У Польшчы ўвогуле існаваў магутны рух “Салідарнасць” абаперты на традыцыі касцёла, там грамадскіх і духоўных лідараў было на парадак больш. Таму мне здаецца, што гэтая праблема лідарства хаця б часткова можа вырашыцца з дапамогай гэтых курсаў.

РР: Як вы ацэньваеце лідарскія здольнасці Аляксандра Лукашэнкі?

Павел Севярынец: Аляксандр Лукашэнка таксама мае пэўныя лідарскія здольнасці, але пытанне, як ён імі распараджаецца. Такая сіла, якая ўжываецца ў зло, якая ідзе па шляху падману, якая ідзе па шляху хлусні, яна разбуральная, яна не стваральная, а як раз такі разбурае. Тое, што астатнія адказныя, сумленныя грамадскія лідары рабілі і робяць.

РР: Вы таксама нядаўна заявілі, што гатовыя стаць беларускім Пашынянам. Мабыць гэта такое вытворчае ад вашага імя – Паша Пашынян? Вы не баіцеся, што так і ўвойдзеце ў гісторыю, калі не пераможаце?

Павел Севярынец: Канешне патрэбны беларускі лідар. У якасці жарта гэта падыходзіць, а калі казаць па-сур’ёзнаму, то Беларусі патрэбна шмат адказных беларускіх лідараў. Я магу сказаць, што справа тут не толькі ў ва мне ці якім-небудзь іншым правадыры, будзем так называць. Калі кожны чалавек будзе адчуваць сябе лідарам у дачыненні да сваёй сям’і, да свайго дома, нават пад’езда, да свайго горада, гарадка, мястэчка, вёскі ў рэшце рэшт, да сваёй краіны, тады мы і пабудуем сапраўдную Беларусь. Пачынаць тут трэба канешне з сябе і адкрыць лідара ў сабе.

РР: Як вашыя родныя і блізкія да гэтага паставіліся? Быць лідарам у Беларусі – гэта небяспечна.

Павел Севярынец: Вядома, што мае родныя ўсведамляюць гэтую небяспеку. Многія блізкія людзі казалі: “Паша, глядзі, гэта крыж”.

„Але ўрэшце рэшт камусці трэба ісці гэтым шляхам”, — сказаў Павел Севярынец.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск