Павел Севярынец: Поўныя залі бачыла ўся краіна
На праймерыз па вылучэнні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары ад дэмакратычнай кааліцыі лідыруе сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Галасаванне адбылося ў 8 гарадах Віцебскай вобласці. У Севярынца – 166 галасоў. На другім месцы – лідар Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч – 56 галасоў, Потым кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў – 29. У намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча 8, у Вольгі Кавальковай з БХД – 5 галасоў.
Па словах Паўла Севярынца, самае галоўнае, што на гэтыя сустрэчы прыходзіць шмат людзей. Поўныя залі бачыла ўся краіна:
– І гэтыя людзі кажуць хорам: «Лукашэнка, сыходзь!». Справа, можа быць, не ва ў мне, а ў тым, што людзей дастала 25 гадоў Лукашэнкі. Яны не хочуць яшчэ пяць. Таму ідэя пра масавыя пратэсты, звальненне Ярмошынай, недапушчэнне ўдзелу Лукашэнкі ў гэтых выбарах выклікае вельмі вялікі рэзананс. Адстаўкі Лукашэнкі і Ярмошынай чакаюць і хацелі б, і гатовыя дамагацца большасць людзей. Таму гэта асноўная плынь, нават па галасаванні за мяне і маю каманду. Зразумела, што гэта галоўная тэма.
Сярод іншых пытанняў, якія востра ставяцца на сустрэчах з выбарцамі – стасункі з Расеяй і захаванне незалежнасці, эканоміка, лёс дзяржаўных прадпрыемстваў, бяспека атамнай электрастанцыі ў Астраўцы і ўвогуле экалагічныя пытанні, сітуацыя з каронавірусам, пытанні аб беларускай і рускай мовах, аб пенсійным забеспячэнні, – нагадаў Павел Севярынец. Аб шляхах вырашэння гэтых і іншых праблем будзем адказваць на наступных сустрэчах, якія ўжо 13 сакавіка пачынаюцца ў Берасцейскай вобласці, – кажа палітык.
Беларускае Радыё Рацыя