Павел Севярынец: Расейцы так проста не сыходзяць



Пра небяспеку з Захаду і неабходнасць захоўваць войска ў поўнай баяздольнасці заявіў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. У Менску прайшло сумеснае пасяджэнне абаронных ведамстваў Беларусі і Расеі.

Сярод асноўных пагрозаў Шайгу назваў тэрарызм, экстрэмізм, а таксама „каляровыя рэвалюцыі” і ў сувязі з гэтым выказаў заклапочанасць сітуацыяй ва Украіне:

– ЗША і Еўразвяз справакавалі адхіленне ад улады законнага прэзідэнта Украіны, безагаворачна падтрымліваюць дзеянні Кіева па сілавым здушэнні незадаволеных новай уладай. Неабходна ўважліва ставіцца да працэсаў, што адбываюцца ва Украіне. Па-сутнасці, заходнія сілы імкнуцца фарміраваць ва Украіне перадавую мяжу націску на Саюзную дзяржаву, паўплываць на ўстойлівае развіццё Расеі і Беларусі.

“Расея развязала канфлікт ва Украіне, набыла сабе новых ворагаў, а цяпер спрабуе выйсці з гэтага становішча. Таму настройвае як асабісты склад войска, так і народы на тое, што ім пагражае вялікая небяспека з Захаду”, – каментуе гэтыя выказванні старшыня стваранага руху ветэранаў баявых дзеянняў “Абаронцы айчыны” Аляксандр Камароўскі:

– Што Расея можа сказаць сэнсоўнага? Яны паступілі з Украінай як бандыты, як нягоднікі. Здзіўляцца няма чаго. Яны выдатна разумеюць, што Украіна ўжо ніколі не будзе сябрам Расеі, ніколі, стагоддзямі ўжо не будзе ніколі. І гэта Расея пачала разумець вось цяпер, што яны зрабілі найвялікшы пралік, і найвялікшую памылку, і найвялікшае злачынства 21 стагоддзя, таму і будуць прычапляць Беларусь для стварэння адпаведнага ваеннага блока.

Пасля сумеснага пасяджэння калегіі Міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі ў Менску стала вядома, што Расея ўжо паставіла ў Беларусь чатыры зенітна-ракетныя комлексы С-300, а ў наступным годзе ў Бабруйску з’явяцца першая расейская эскадрылья з 12 самалётаў. Плануецца, што ў поўным камплекце – полк з 24 самалётаў – база ўтворыцца ў 2016 годзе. Хоць на думку вайсковага аналітыка Аляксандра Алесіна, гэтыя планы не абавязкова рэалізуюць у запланаваныя тэрміны. На думку аналітыка, агулам заявы Шайгу носяць найперш ідэалагічны характар:

– Калі мы прыгадаем сацыялагічныя апытанні, то да 40% беларусаў (паводле НІСЭПД) было супраць гэтай вайсковай базы. І я думаю, што калі Шайгу агучыў журналістам прычыну, паводле якой гэтая база павінна з’явіцца, то ён найперш разлічваў на грамадскае меркаванне, таму што само ваенна-стратэгічнае рашэнне было прынятае значна раней. Відаць толькі дзеля таго, каб апраўдаць існаванне гэтай базы, ён зрабіў свае заявы.

РР: Беларускі бок у гэтай сітуацыі можа толькі пагаджацца з тым, што кажацца і прапануеццца?

– Тут адносіны складаныя, але Беларусь гандлюе тым, што яна мае. Гэта геапалітычнае і ваенна-стратэгічнае значэнне Беларусі для Расеі як перадавога рубежа. Расея вельмі занепакоеная, напрыклад, магчымасцю стварэння базаў НАТА на тэрыторыі краінай Балтыі і Польшчы, і магчымасцю ўцягвання Украіны ў НАТА. Таму за тое, што Беларусь дазваляе размяшчаць ваенныя аб’екты на сваёй тэрыторыі, Расея плоціць. Вось яны крэдыт на 1,5 мільярда далі і гэта не апошнія льготы, якія Расея гатова даць. Таму Лукашэнка гандлюе, і мае месца элементарная ўгода. Лукашэнка так і казаў, што ў мяне няма “Газпраму”, але ёсць геапалітычнае становішча, і я гэтым гандлюю і не саромеюся.

РР: Але пры гэтым насельніцтва яшчэ крыху і запалохваюць…

– Канешне. Справа ў тым, што найлепшы спосаб выйсця з крызісу – нарошчванне ваеннай вытворчасці. Але калі крызіс – насельніцтва ніколі не пагодзіцца шмат выдатковаць на абарону, калі, канешне, яго пры гэтым вельмі не напалохаць.

Адзін з кіраўнікоў аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец бачыць рэальную пагрозу ў з’яўленні новай расейскай вайсковай базы ў Беларусі:

– Вайсковыя базы – гэта вельмі сур’ёзна. Як паказвае расейская вайсковая база ў Чарнаморскім флоце, гэта кропка апоры, каб на працягу ўсяго некалькі дзён заняць частку тэрыторыі Украіны. І таму тое, што зараз адбываецца ў Бабруйску, тое, што зараз адбываецца ў заходняй Беларусі, тое, што ўжо ёсць пад Ганцавічамі і Вілейкай, гэта кропкі апоры для хуткай анэксіі. Гэта відавочна і любому ваеннаму эксперту, і любому палітыку. Магчыма, гэта відавочна і Лукашэнку, але ён 20 гадоў вёў такую палітыку, што завёў і сябе, і Беларусь у тупік. Тут спадзявацца трэба на Бога і на ўласныя сілы, рыхтавацца абараняць незалежнасць. Расейцы так проста не сыходзяць з краінаў, якія яны лічаць сваёй уласнасцю.

РР: Аляксандр Лукашэнка, як вы кажаце, відавочна, гэта разумее, але на сённяшні дзень ён спрабуе гандляваць…

– Насамрэч Віктар Фёдаравіч Януковіч таксама зарабляў грошы на праблеме Чарнаморскага флоту. Мы памятаем харкаўскія пагадненні, што ключавымі там было пакінуць Чарнаморскі флот, а Украіна атрымае кампенсацыю. На што ішлі гэтыя грошы? На раскраданне і раз’яданне карупцыяй усёй дзяржаўнай машыны, у тым ліку на подкуп вайскоўцаў і ўсіх сілавікоў. І па вялікім рахунку, у Беларусі адбываецца тое самае, схема адна.

Адзначым, што ў час пасяджэння сумеснай калегіі Міністэрстваў абароны Расеі і Беларусі таксама абмеркоўвалася правядзенне сумесных манеўраў “Шчыт Саюза – 2015” на тэрыторыі Расеі. Былі разгледжаныя пытанні супрацоўніцтва ў сферы радыёэлектроннай барацьбы, радыяйцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, СПА, адзінай рэгіянальнай групоўкі войскаў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя