Павел Севярынец: Разглядаецца варыянт пераводу Мікалая Статкевіча на “хімію”
Cустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Павел Севярынец распавядае, якія ўмовы могуць паспрыяць вызваленню былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча:
РР: Зараз праходзіць кампанія па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкую пасаду. Ці можа гэта дапамагчы палітвязню выйсці на волю?
Павел Севярынец: Безумоўна, можа. Па-першае, гэта кампанія салідарнасці, а толькі пад ціскам палітзняволеныя ў Беларусі аказваюцца на волі. Так было ў мінулыя разы, калі дзесяткі палітвязняў выйшлі з турмаў дзякуючы грамадскаму і еўрапейскаму ціску. Гэта першы чыннік. Другі – пасля Украіны, нармандскіх фарматаў і “каваў вёдрамі” еўрапейцы зачасцілі ў Менск, і ўмову вызвалення палітвязняў для поўнафарматных дачыненняў ніхто не адмяняў. Такім чынам, вызваленне Статкевіча застаецца ўмовай Еўразвязу. Лёд крануўся, ідуць актыўныя перамовы. І, на мой погляд, менавіта ў гэты момант актыўная кампанія па вылучэнні Мікалая Статкевіча можа дапамагчы яго вызваленню. Гэта і кампанія салідарнасці, і маральна-палітычны крок, і адначасова – вельмі важнае дзеянне для таго, каб вызваліць Міколу.
РР: Магчыма, улада і сама хацела б хутчэй вызваліць Мікалая Статкевіча, але не ведае, як гэта зрабіць, каб, як кажуць, не сапсаваць свой імідж? Ці могуць тут знайсці нейкае кампраміснае рашэнне?
Павел Севярынец: Наколькі я чуў, зараз разглядаецца варыянт аб тым, каб Мікалая перавесці на “хімію”. З аднаго боку, ён будзе цалкам звязаны, а з іншага, да яго можна будзе прызджаць і гэдак далей. Такі пэўны палавіністы варыянт. Магчыма, наконт гэтага зараз гандаль і ідзе. Дакладна не ведаю, але падобна на тое. Але ж насамрэч патрэбна не толькі вызваленне, але і рэабілітацыя Міколы Статкевіча і астатніх палітвязняў. Таму, думаю, кампанія па вызваленні Статкевіча павінна ісці, па-першае, пад лозунгам: “Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, якія зараз ёсць у Беларусі”. Па-другое, таксама з патрабаваннем іх поўнай рэабілітацыі.
РР: Але існуе меркаванне, што з-за падзеяў ва Украіне, Еўропе зараз не да “палітычных” у Беларусі. Маўляў, гэтае пытанне адыйшло на другі план…
Павел Севярынец: Вядома, што геапалітыка заўсёды для палітыкаў была важней, чым нейкія маральныя рэчы, завязаныя на годнасць і на лёсы асобных людзей. Але ўсё ж такі Еўропа грунтуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях. І адкінуць маральны чыннік Еўразвяз, які агалошвае асобу галоўнай каштоўнасцю, не можа. Іншая справа, што і сярод еўрапалітыкаў ёсць розныя сілы. Нехта наогул не размаўляе з Лукашэнкам пра палітвязняў, а цікавіцца толькі геапалітыкай. Але ёсць і тыя, хто шчыра зацікаўлены, каб палітвязні выйшлі на волю. Таму ўся сума намаганняў Еўропы не дазваляе пачаць поўнафарматны дыялог і вырашыць многія важныя пытанні без вызвалення палітычных зняволеных. Я думаю, што беларуская ўлада гэта выдатна разумее.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя