Павел Севярынец: Сітуацыя з палітвязнямі можа пагоршыцца



Па меркаванні актывістаў апазіцыі, у Беларусі на дадзены момант за кратамі знаходзяцца 9 палітычных зняволеных, яшчэ пяцёра чалавек рэпрэсаваныя. Справы гэтых людзей, а таксама спосабы дапамагчы зняволеным 25 студзеня абмяркоўвалі прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці на форуме “Свабоду палітычным вязням”, які адбыўся ў Менску.

Па выніках мерапрыемства сустаршыня БХД Павел Севярынец падкрэсліў, што пакуль у Беларусі не адменены артыкул Крымінальнага кодэкса, па якім можна паўторна пакараць ужо асуджаных людзей, сітуацыя з палітвязнямі можа только пагаршацца.

Мы прынялі рашэнне, што пачынаем кампанію за адмену артыкула 411. Звернемся да Беларускай асацыяцыі журналістаў, да праваабаронцаў, у Генеральную пракуратуру з патрабаваннем адмяніць гэты артыкул. Паводле гэтага артыкула зараз збіраюцца асудзіць Андрэя Бандарэнку. Гэты артыкул як дамоклаў меч вісіць над кожным палітвязнем. Па-другое, удакладнілі спіс рэпрэсаваных і палітвязняў. Дзевяць чалавек мы зараз лічым палітычнымі зняволенымі, у тым ліку двух антыфашыстаў, якіх чакае суд 2-га лютага, і пяцёх – рэпрэсаванымі.

Таксама Павел Севярынец паведаміў, што плануюцца акцыі ў падтрымку асуджанага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, якога чакае суд па справе нібыта аб непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі.

Надзея Бялінская, Беларускае Радыё Рацыя