Севярынец: Трэба падняць і абудзіць беларускі народ



Пра планы „А” і „Б” , якія распрацавала апазіцыя на перадвыбарчую прэзідэнцкую кампанію, пра крытыку гэтых планаў з розных бакоў, пра магчымасці Плошчы распавядае госць Беларускага Радыё Рацыя, сустршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

РР: Літаральна днямі Вас на паседжанні нацыянальнай Рады БХД вылучылі прэтэндэнтам ад БХД на будучыя прэзідэнцкія выбары. А праз суткі адбылася прэс-канферэнцыя пяці дэмакратыных партый і арганізацый, якія заявілі, што знайшлі паразуменне і запускаюць працэс вылучэння адзінага кандыдата.

Павел Севярынец: У нас ёсць праблема, якая заключаецца ў тым, што выбараў у нас няма. Таму нават вылучэнне ад некалькіх партый ці арганізацый адзінага кандыдата нічога не вырашае. Няма выбараў, і з гэтым трэба нешта рабіць. Таму мы і прапаноўваем народнае галасаванне – так званы праймерыз. Народнае галасаванне – гэта цягам двух з паловай месяцаў аб’езд усёй Беларусі, больш чым 80 гарадоў. І выказванне людзей і галасаванне людзей за адзінага лідара. Адзіны лідар дэмакратычнай апазіцыі можа стаць лідарам удзелу, лідарам пратэсту, лідарам байкоту. У залежнасці ад сітуацыі, якая складзецца. Тое што ў апазіцыі павінен быць адзіны лідар, для мяне сумненняў не выклікае. Таму што ў выпадку абвастрэння сітуацыі ці форс-мажору, апазіцыя, якая гаворыць 7-10-цю галасамі, гэта нуль. Але калі гэты голас адзін, яго чуваць. І чуваць голас беларускага народа. Галоўная задача кампаніі “адзінага”, на мой погляд, заключаецца ў тым, каб зламаць сцэнар фальсіфікацый і зламаць сцэнар рэжыму яшчэ да таго, як кампанія набярэ хаду. Ставіць пытанне рубам – Ярмошыну ў адстаўку, Лукашэнка не мусіць удзельнічаць у гэтай кампаніі. Тады выбары маюць сэнс. Калі не, то быць падтанцоўкай не мае сэнсу.

І ў нас ёсць план “Б”. У выпадку рэпрэсій, нерэгістрацыі “адзінага”, закручванні гаек толькі на спектакль – байкот. І гэты байкот можа быць масавым як ніколі.

РР: А не падаецца Вам занадта складанай і  доўгай гэтая працэдура? А раптам Лукашэнка абвесціць выбары ўжо ў траўні ці чэрвені?

Павел Севярынец: Калі гэта адбудзецца, то трэба будзе працэдуру сціскаць па часе. Абысціся буйнымі гарадамі, скараціць інтэрнэт-галасаванне некалькімі тыднямі. Але гэтую працэдуру, я перакананы, трэба правесці. Для чаго? Каб набраць сілу. На гэты момант нават аб’яднаных магчымасцяў людзей, якія ёсць ва ўсіх гэтых пяці партыях, і тых, хто прымкне, не хапае, каб зламаць сцэнар фальсіфікацый. Трэба падняць і абудзіць беларускі народ. Я думаю, што патрэбны будуць масавыя пратэсты супраць Ярмошынай, як арганізатаркі гэтых выбараў, і супраць удзелу Лукашэнкі. Вось гэта дзве асноўныя стратэгічныя мэты, якія зараз стаяць перад апазіцыяй.

РР: Не паспелі заявіць пра працэдуру вылучэння “адзінага” пяць дэмакратычных партый, як адразу на іх абрынулася моцная крытыка, у тым ліку негатыўна выказаўся і Зянон Пазьняк. Ён сказаў, што ў гэтых людзей “абсалютна няма сораму”. Асабліва непрыемна здзівіў Севярынец, які „ўзвысіўся і раптам зноўку зваліўся ў лахань вікаўскай апазіцыі, якая падтрымлівае рэжым і выбары”.

Павел Севярынец: Я вельмі паважаю Зянона Пазьняка і шаную ягоную думку, але тут уся крытыка зыходзіць з таго, што мы ўжо думаем пра працэс так званага лукашэнкаўскага галасавання. Я настойваю на тым, што асноўныя падзеі адбудуцца ў канцы вясны – у траўні месяцы, калі толькі будзе абвешчана гэта кампанія. Мы не гаворым зараз пра абыход кватэраў і збор подпісаў, пра агітацыю за адзінага кандыдата, мы не гаворым пра падтанцоўку Лукашэнку на выбарах, якія арганізоўвае Ярмошына. Мы гаворым пра тое, што трэба ўсім разам – і Зянону Пазьняку, і Уладзіміру Мацкевічу, і лідарам партый, і БНК з’яднацца дзеля таго, каб зламаць сцэнар фальсіфікацый. Беларусы, вам патрэбныя вольныя выбары? Вы гатовыя за іх выходзіць на вуліцы, падпісваць петыцыі мільёнамі, для таго, каб зняць Ярмошыну і не дапусціць удзелу Лукашэнкі? Падчас народнага галасавання мы набяром гэтую сілу і ў траўні, я думаю, прад’явім рахунак гэтай сістэме.

Цалкам слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск