Павел Севярынец: У Амерыцы бачаць, як Масква цісне на Беларусь



Палітык Павел Севярынец распавёў, чаму высокія госці з ЗША ўсё часцей сталі прыязджаць у Беларусь.

У Менску зараз з візітам знаходзіцца намеснік дзяржсакратара ЗША Дэвід Хэйл. Мяркуецца, што 17-18 верасня ён сустрэнецца не толькі з прадстаўнікамі беларускай улады, але і з лідарамі грамадзянскай супольнасці.

Крыху раней з беларускім кіраўніком сустракаўся ў Менску саветнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан, які, праўда, праз нейкі час пасля гэтага падаў у адстаўку. Павел Севярынец: Для Беларусі такія стасункі ідуць на карысць, бо ЗША – гэта перадавая дзяржава ў свеце. Калі Амерыка ўяўляе цікавасць для нейкай дзяржавы, значыцца застаюцца некаторыя шанцы і гарантыі на тое, што ў гэтай дзяржавы больш-менш будуць захоўвацца дэмакратычныя стандарты. Акрамя таго, такое сяброўства змяншае верагоднасць страты незалежнасці.

РР: Беларусь сёння цікавая для кіраўніцтва ЗША?

Павел Севярынец: Мне падаецца, што амерыканцы хвалююцца, гледзячы на тое, як Масква цісне на Беларусь і на тыя рухі, што робяцца ў бок інтэграцыйных дамоваў. Мяркую, адна з мэтаў візіта ў Менск высокіх чыноўнікаў з Амерыкі – прамацаць, наколькі беларуская ўлада гатова здаць рычагі незалежнасці. Не выключаю таксама, што падчас афіцыйных сустрэч пойдзе размова і пра пастаўкі зброі беларускімі ўладамі ў розныя краіны свету ў той час, калі ў арабскіх краінах раз-пораз разгараюцца ваенныя канфлікты.

РР: Ці падтрымліваюць зараз Злучаныя Штаты беларускую грамадзянскую супольнасць?

Павел Севярынец: Натуральна, што зараз асноўныя перамовы амерыканскія палітыкі вядуць з прадстаўнікамі беларускай улады. Хаця мы бачым падтрымку (прынамсі на словах), што датычыцца выканання ў краіне правоў чалавека. Але гэта далёка не тая падтрымка, што была ў 90-я гады.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя