Павел Севярынец: У Беларусі самы паспяховы тавар – гэта людзі



Еўрапейскі звяз з вялікай верагоднасцю адменіць некаторыя санкцыі супраць Беларусі, у тым ліку візавую забарону для Аляксандра Лукашэнкі пасля вызвалення групы палітычных вязняў. Дыпламаты разглядаюць таксама прыпыненне візавых санкцый і замарожання актываў большасці з двухсот чалавек, якія знаходзяцца пад санкцыямі за парушэнні правоў чалавека. Былы палітвязень Павел Севярынец лічыць, што адмена санкцый да прэзідэнцкіх выбараў – гэта чарговая памылка Бруселя.

– Вызваленне палітвязняў адбылося для таго, каб кіраўнікі рэжыму змаглі ездзіць па Еўропах, і гэтага, на мой погляд, яўна не дастаткова. Лукашэнка можа ўзяць новых закладнікаў і гандлявацца адносна таго, што яму дадуць за вызваленне новых. У Беларусі самы паспяховы тавар – гэта людзі, якіх садзяць як палітычных закладнікаў у турму, пасля выпускаюць, і аказваецца, што гэта прагрэс. Баюся, што допуск Лукашэнкі без рэальных зменаў унутры Беларусі, без свабодных выбараў, будзе азначаць усёдазволенасць для гэтай дыктатуры.

 Афіцыйнае рашэнне можа быць прынята на наступным тыдні падчас сустрэчы дыпламатаў краінаў Еўразвязу. Эмбарга на гандаль зброяй у дачыненні да Беларусі застанецца ў сіле. Чатыры супрацоўнікі службы бяспекі Лукашэнкі, падазраваныя ў датычнасці да знікнення палітычных апанентаў дзеючага кіраўніка дзяржавы, хутчэй за ўсё застануцца пад санкцыямі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя