Павел Севярынец выйшаў на волю пасля 10 сутак арышту
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец 15 верасня вызвалены з ІЧУ Менскага раёна пасля 10-суткавага арышту.
Рашэнне аб арышце палітыка за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 6 верасня прыняў суддзя Менскага раённага суда Аляксей Крапачоў. Севярынец быў прызнаны вінаватым на падставе ч. 3 арт. 23.34 КоАП (паўторнае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Суд палічыў правапарушэннем той факт, што палітык заклікаў людзей удзельнічаць у не дазволенай уладамі акцыі 9 верасня ў Курапатах.
Севярынец быў затрыманы напярэдадні суда, калі выходзіў з дома.
Павел Севярынец — адзін з арганізатараў акцый супраць працы рэстарана „Поедем поедим”, якія з 31 мая штодня праводзяцца каля ўваходу на тэрыторыю ўстановы. Рэстаран размешчаны блізу месца масавай згубы ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.
Сход абаронцаў урочышча 9 верасня адбыўся без Севярынца. Падчас яго грамадская актывістка Ганна Шапуцька заявіла, што акцыі супраць працы рэстарана „Паедзем паядзім” будуць працягнутыя. У сходзе ля ўваходу ў рэстаран узялі ўдзел прыблізна 80 чалавек. БелаПАН
Фота: Новы Час