Павел Севярынец выступіў у літоўскім Сейме



Сустаршыня БХД Павел Севярынец выступіў разам з Мікалаем Статкевічам на слуханнях па Беларусі ў літоўскім Сейме. Запрашалі яшчэ Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Някляева, але яны не здолелі прыехаць.

Арганізавалі добрыя сябры Беларусі, найперш хрысціянскі дэмакрат Жыгіс Павілёніс. Былі прадстаўнікі МЗС і МУС Літвы, парламентары, прадстаўнікі вядучых партыяў, былы прэм’ер Андрус Кубілюс, грамадскія арганізацыі і прэса.

Павел Севярынец казаў пра пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі, палітвязняў, пераслед журналістаў і блогераў, Курапаты і новую хвалю сталінізму.

„Лукашэнка не ёсць гарантам незалежнасці: стасункі з Захадам ён выкарыстоўвае для шантажу Масквы і прадае незалежнасць па кавалках дзеля ўмацавання свайго рэжыму, – сказаў ён. – Астравецкая АЭС, галоўнае балючае пытанне для Літвы, – гэта расейская ядзерная бомба, падсунутая пад плот суседзяў”.

Размаўлялі і пра перазахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага: быў прадстаўнік грамадскай камісіі Анатоль Міхнавец.

Сустрэча была важная: зараз у Літве мяняецца ўлада – сыходзіць прэм’ер і мяняецца прэзідэнт. Слуханні вырашылі рабіць рэгулярна.

bchd.info