Павел Севярынец: За нашы грахі – кіруе Лукашэнка!
Ягонае імя ўжо шмат год не сыходзіць з першых палос незалежных прэсы, радыё і тэлебачання. Хоць у розныя гады ў розных іпастасях – спачатку як лідара ўтворанага “Маладога фронту”, арганізатара вулічных пікетаў ды масавых акцый супраць існуючага рэжыму. Пасля – неаднаразова – як палітвязня. Цяпер – як сустаршыні аргкамітэта ўжо некалькі разоў незарэгістраванай партыі БХД і Беларускага Камітэта салідарнасці з Украінай. І – вядомага літаратара, аўтара шасці кніг публіцыстыкі ды прозы.
Павел Севярынец Нарадзіўся за дзень да заканчэння 1976-а ў сям’і журналіста ды настаўніцы. Скончыў сярэднюю школу з залатым медалём ды геаграфічны факультэт БДУ. У 95 уступіў у БНФ “Адраджэнне”, з 97-а года быў сустаршынём “Маладога фронту”. Там жа стаў заснавальнікам асветніцкага праекта “Шоў Беларушчыны”, курсаў “Ды-джэяў Адраджэння”, ініцыятарам стварэння кааліцыі беларускіх дэмакратычных маладзёвых арганізацый “Пераменаў”, а таксама міжканфесійнай супольнасці “Хрысціянская ініцыятыва”. Быў намеснікам старшыні Партыі БНФ ды адным з арганізатараў першага Кангрэсу Беларускай Моладзі, камітэту абароны Курапатаў, нацыянальнай кампаніі “Беларусь у Еўропу!”, перадвыбарчага блоку “Маладая Беларусь”. У 2005 Севярынец быў абвінавачаны ў арганізацыі акцый пратэсту супраць балатавання Лукашэнкі на трэці прэзідэнцкі тэрмін, што адбываліся пасля рэферэндуму 2004-а. Пасля адбываў з улікам амністыі 2 гады пакарання на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна, што на Полаччыне. У 2009 у вёсцы напісаў свой найбольш значны раман “Сэрца святла”. А ў 2010 быў узяты пад варту, у 2011 асуджаны да 3 год абмежавання волі за “арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Знаходзіўся ў вёсцы Куплін. Размова з ім пачалася з апошніх гучных заяў, што тычацца прэзідэнцкай кампаніі бягучага года.
РР: На прэс-канферэнцыі, што была прысвечаная дзяржаўнаму тэрарызму ды магчымай анексіі Беларусі з боку Расеі, вы адзначылі, што расейская пагроза сёння нашмат важней, чым дэкаратыўная прэзідэнцкая кампанія. Калі яна стала такой?
Павел Севярынец: Хаця б таму, што ў турме знаходзіцца кандыдат з мінулых прэзідэнцкіх выбараў. І таму, што на пасадзе старшыні Цэнтрвыбаркама знаходзіцца ўсё той жа чалавек, якая забяспечвала “элегантны” выбарчы спектакль для Лукашэнкі цягам апошніх 20 год. Увогуле, як можна ўдзельнічаць у тым, чаго няма?! Таму кампанія-2015 ужо сёння чыста фармальная, юрыдычнага значэння не мае. Палітычнае – ёсць, але яно заключаецца ў тым, як будуць паводзіць сабе надалей дэмакратычныя сілы і беларускі народ…
РР: Ну як паводзілі сабе галоўныя “апазіцыянеры”, ўсе добра ўбачылі ды ўсвядомілі – адзінага кандыдата, якога абяцалі вылучыць цягам апошніх пяці год, няма і не будзе. Арганізатар Кангрэсаў за Незалежнасць, старшыня ТБМ Алег Трусаў назваў ў інтэрв’ю “РР” гэта “злачынствам” і выказаўся ў тым сэнсе, што лідары партый мусяць за “ўсенародны” падман сысці ў адстаўку, тым больш, у большасці даўно палітычны пенсійны ўзрост. А замест іх, ужо паводле Зянона Пазьняка, што казаў нядаўна “апазіцыі больш няма”, маўляў, мусіць з’явіцца адзіны дэмакратычны, магчыма, беспартыйны кандыдат…
Павел Севярынец: Чаму б і не, калі гэта будзе сапраўды “АДЗІНЫ”?! Тое, што дэмакратычныя сілы не змаглі вылучыць лідара з яснай нацыянальнай стратэгіяй і адзіным “сцэнарыям” выбараў – зробленым ці то на тым кангрэсе, ці паўсюднымі байкотам, ці агульнанацыянальным страйкам – ёсць ужо галоўная параза апазіцыі, не чакаючы 11 кастрычніка. Наступствы будуць адчувальнымі яшчэ доўга. На мой погляд, галоўныя праблемы перад намі – поўная безадказнасць апазіцыйных лідараў і неабходнасць самаарганізацыі беларусаў. І хоць вынік выбараў, бадай, прадвызначаны, што-нішто зрабіць яшчэ можна. Паўтаруся, найперш гуртаванне людзей, якія гатовы змагацца, не гледзячы на не рэгістрацыю Статкевіча – бо фактычна будзем мець базу дадзеных людзей, што не будуць браць удзел у “вясёлых балаганчыках”.
РР: Між іншым, дыскусія пра тое, ці магчыма вылучэнне былога палітычнага вязня ці таго, хто яшчэ знаходзіцца ў вязніцы, кандыдатам у прэзідэнты – гэткага беларускага Вацлава Гавела – была і пасля вашага вызвалення…
Павел Севярынец: Тэарэтычна так, хоць многія з іх яшчэ знаходзяцца пад “судзімасцю”. Але на сёння з усіх, уключаючы Уладзіміра Някляева і Алеся Бяляцкага – Мікалай Статкевіч найлепшы варыянт. Як змагар за кратамі і на крыжы, як яскравейшы прыклад, што выбараў няма. Мы ўскрываем такім чынам усю іх фальшывасць! Зрэшты, і тых кандыдатаў, што будуць прадстаўленыя…
РР: Але як пракаментуеце ацэнкі ды меркаванні, што гучаць і са стану апазіцыі – дайце веры, менавіта Лукашэнка зрабіўся сёння “галоўным гарантам незалежнасці”! Вось цытую характэрны лагічны ланцужок – “пагрозу анексіі з боку Расеі дзеючы прэзідэнт не дае выканаць апошняй, бо ён перастане існаваць, як прэзідэнт, а то і як чалавек. А ён толькі і можа сябе ўяўляць, як першы і АДЗІНЫ…”
Павел Севярынец: Не пагаджуся! Лукашэнка ёсць толькі гарантам уласнай улады. Незалежнасць жа 20 год здаваў Расеі, адкуль у нас і іхныя вайсковыя базы, фатальная прывязка да эканомікі усходняй суседкі. Доказ – пасля ўваходжання ў ЕўраАзЭС ды анексіі Крыма, абвалілася і беларуская эканоміка, няма за што плаціць нават па даўгам. Гэта і ёсць наступствы здачы Незалежнасці. Зрэшты, нават бабулькі ў правінцыі не кідаюцца з кулакамі, як некалі, калі пачуюць нешта “не тое” пра “ўсенародна любага”. Зараз Рыгоравіч спрабуе заключыць сацыяльны кантракт з гараджанамі – з дапамогай пугі ды перніка. То бок – з аднаго боку, пагрозай рэпрэсій, скажам, за “дармаедства”, з другога – магчымасці “ дзесьці штосьці” зарабіць ці скрасці. Аднак, адназначна тое, што гарантам Незалежнасці можа быць толькі беларускі народ! А ён ёсць – пры чым, гэта не толькі цяпер жывучыя, але і пакаленні папярэднія ды нашчадкаў. Адказнасць беларусаў за Беларусь – вечная. Трэба проста канстатаваць, што на сённяшнім гістарычным этапе мы – як народ, дэмакратычныя сілы, дзеячы – не гатовыя, не здольныя ўзяць на сабе ўладу. Таму па-над намі Лукашэнка. Калі браць хрысціянскае вымярэнне праблемы, дык атрымаем яе, калі будзем падрыхтаваныя – маральна, тэхналагічна ў выглядзе законапраектаў, ў наяўнасці палітычнай волі. Зараз за НАШЫ грахі кіруе Лукашэнка!
РР: У незалежным друку ўжо мільгала думка, што будучым кандыдатам можа стаць і Павал Севярынец. Ці можаце, у прынцыпе, адчуць такое пакліканне?
Павел Севярынец: Чалавек павінен быць гатовы адчуць любы заклік з боку Госпада. Гэта праяўляецца і праз асабістыя яго духоўныя перажыванні, і праз запатрабаванні грамадства . Але, дзякуй богу, пакуль яго не адчуваю. Чаму дзякуй Богу? Таму што разумею, што гэта крыж, на які ўзыходзіш толькі раз у жыцці. Ён і можа каштаваць жыцця. Увогуле, размаўляць пра гэта можна будзе, калі ўзнікне сам прадмет – сапраўдныя выбары. Што да тэзы “апазіцыі няма” – так, яна ў вартым жалю стане. Але ёсць і яе патэнцыял таксама, хаця б таму, што “святое месца пустым не бывае”. Якой стане мо ў бліжэйшай будучыні – ці стыхійнай у часе эканамічнай дэпрэсіі, ці “прарасейскай”, ці, нарэшце, “бел-чырвона-белай” у якасці наваяўленага Народнага Фронту пачатку 90-х – пакуль пытанне тэарэтычнае.
РР: Малады Фронт надрукаваў спіс – праўда, многімі пасля пастаўлены пад сумненне – асоб і арганізацый, што “ўяўляюць пагрозу незалежнасці Беларусі”. Але ў бытавым жыцці, скажам, “баявмкоў” з РНЕ не бачым, не адчуваем. Наколькі ўсё ж сур’ёзная пагроза з боку “рускага свету”?
Павел Севярынец: Лічу, што надзвычай сур’ёзная. У любы момант звычайныя гопнікі з раёна альбо маладзёны, што ходзяць у трэнажорныя залі, дый нават тыя, што сядзяць каля камп’ютара, могуць ператварыцца ў сапраўдных “зомбі”. Іх мы ўжо ўбачылі і ў Крыме, і ў Данецку, і ў “Ісламскай дзяржаве”. Перавярнуць, паводле сучасных псіха-тэхналогій, свядомасць, асабліва ва ўзросце сталення, цалкам магчыма. Таму ёсць і маладыя беларусы, што спавядаюць ідэалогію нянавісці да Захаду, габрэяў, беларускага Адраджэння, іншаверцаў. І гэта ёсць праявы “чарнасоценства”, пра якія, у прынцыпе, заяўляе Малады Фронт. Прынцыпова важна, што вядзе памянёных “адмыслоўцаў” не “любоў да Расеі”, ідэй, што нясуць расейская класічная літаратура ці музыка – а самасцвярджэнне сябе шляхам прыніжэння іншых, пры чым радыкальнага, што не спыніцца перад узброеным знішчэннем “ворага”! Гэта тое жахлівае, што натхняла Гітлера, а сёння многіх “добраахвотнікаў”, што едуць на Данбас і вяртаюцца часам у цынкавых трунах. Беларусам чужая вайна не на іх тэрыторыі і чарговы генацыд супраць сабе – НЕПАТРЭБНЫЯ!
РР: Якім жа мусіць быць будучы беларускі прэзідэнт у ідэале?
Павел Севярынец: Па-мойму, прадстаўнічай фігурай, што прэзентуе краіну ў міжнародных стасунках, у выпадку вайсковых дзеяў выконвае функцыі галоўнакамандуючага, але ў рэальным мірным жыцці саступае прызначанаму будучым Соймам прэм’еру альбо, паводле “вялікалітоўскай” традыцыі, канцлеру. Апошні выбіраецца парламенцкай большасцю ці кааліцыяй і валодае ўсёй паўнатой выканаўчай улады. Парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка, думаецца, і з’яўляецца ідэалам для Беларусі. Натуральна, што прэзідэнт мусіць быць без заганнай біяграфіі і крыштальных маральных якасцей, што вякамі адрознівалі многіх знакамітых беларусаў.
РР: Вашыя прыхільнасці да маральнасці ў палітыцы даўно і добра вядомыя. Але ці магчымая перамога “духоўнага” палітыка пасля дзесяцігоддзяў лукашэнкаўскага ілжэпапулізма з “вокамгненным” запускам заводаў ды заробкамі ў “тысячу даляраў”?!
Павел Севярынец: Якраз-такі ТАК! Пасля мегатонных доз хлусні, страху, крадзяжоў акурат самым вялікім дэфіцытам у беларускай палітыцы з’яўляюцца і будуць яшчэ больш запатрабаваныя маральнасць ды чысціня. Гісторыя давала прыклады, калі людзі становяцца падуладнымі знешнім уплывам, шалёным грошам, што мяняюць прыярытэты, міністраў ды прэзідэнтаў. Але на зломе, калі адбываецца змена сацыяльных напластаванняў, можа вокамгненна мяняцца і свядомасць. Распад СССР – таму прыклад. Такі шанец ёсць і ў нас пасля Лукашэнкі. Як яго скарысталі хрысціянскія дэмакраты пасля Нямеччыны Гітлера – адбыліся Пакаянне нацыі, калі вярнуліся, прыйшлі ў палітыку тыя, што былі ў эміграцыі, канцлагерах, хаваліся ў храмах і надарыўся феномен эканамічнага, маральнага адраджэння нацыі, што цягне наперад увесь Еўрапейскі Звяз. Ужо сёння нашы людзі бачаць, найчасцей у гарадах, дзе 80% насельнікаў, што ўпаўзаем разам з Расеяй у крызіс і рэцэсію. Гучней задаюць пытанні – “а дзе ж тая стабільнасць ды абяцаныя звышзаробкі?!” Гэта вырастаючы тэктанічны чыннік перамен, асабліва думаючых тысячных пластоў моладзі, што на вачах вырастаюць у беларускую нацыю. Праз 3-4 гады тут, упэўнены, будзе зусім іншая Беларусь.
РР: Што вам, як палітыку – станоўчага і адмоўнага – дало знаходжанне за кратамі?
Павел Севярынец: Гэта заўсёды выпрабаванне і духоўны гарт. Там Гасподзь працуе над тваім сэрцам і характарам. Што й казаць – асэнсоўваеш, што зрабіў благога, чаго не зрабіў добрага. Гэта былі вялікія школы і прыпынкі, з дапамогай якіх адкрываюцца новыя адрэзкі жыцця.
РР: Пасля таго, як у канцы 90-х вы абвясцілі пра сваю прыхільнасць да хрысціянскай дэмакратыі, многія загаварылі і дагэтуль не ўтаймуюцца, што “пасіянарны” Павел Севярынец з пікетаў і дэманстрацый сышоў у рэлігійнасць, а значыць, “знік, як палітык”. Чулі такое?
Павел Севярынец: Безумоўна. Дарэчы, нагадаю, што, акрамя палітыкі, у маім жыцці ёсць пісьменніцтва, сям’я. А як сумяшчаю ўсё вышэй пералічанае для сябе? Мне трэба дазволіць Іісусу Хрысту ўвайсці ў беларускую палітыку. Без чалавечай волі Гасподзь не можа зрабіць нічога – ані з чалавечым сэрцам, лёсам, ані з народам. Таму трэба верыць самому, гуртаваць такіх жа людзей і рабіць усё дзеля Адраджэння Беларусі. Спраў процьма – падрыхтоўка законапраектаў, антыалкагольная кампанія, і па абмежаванню абортаў, і па праўдзіваму інфармаванню пра тое, што адбываецца, і па фармаванні нацыянальнай культуры на хрысціянскіх прынцыпах.
РР: Але, у прыватнасці, колькасна пануючае праваслаўе – гэта не толькі ўпрыгожаныя бел-чывона-белымі колерамі стужкі на святочных аблачэннях архірэяў. Усе памятаюць і “праваслаўны” гандаль гарэлкай у часы мітрапаліта Філарэта, і адкрыццё на лініі Сталіна праваслаўнай капліцы. Бачым, як зніклі размовы пра аўтакефалію пасля вокрыкаў з Масквы патрыярха Кірыла, казакоў у маладзёвых лагерах з заклікамі пра “аншлюс” пад лонам праваслаўя. Як усё гэта сумяшчаеце ў свядомасці?
Павел Севярынец: Мы верым не ў нейкіх бацюшкаў, мітрапалітаў і нават патрыярхаў, а Іісуса Хрыста, які нас збавіў. Усё нашмат шырэй. Нашы браты-каталікі і браты-пратэстанты таксама належаць да сапраўднай царквы Хрыстовай. Царква – не ўстанова, інстытут, іерархія, а містычная супольнасць людзей. І там таксама магчымыя самыя страшныя грахі, тым жахлівейшыя, што робяцца ўнутры. Аднак брамы пекла царкву не адолеюць. Супольнасць вернікаў, якія каюцца і вераць – пойдуць далей у валадарства нябеснае. А ў сённяшняй беларускай праваслаўнай царкве я назіраю два лагеры. Адзін – звязаны з “расейскім светам”, схільны да адміністрацыйных метадаў, ксенафобіі, часам да шавінізму. І другая частка – светлая, ахіленая той бел-чырвона-белай стужкай. Беларускае праваслаўе нельга аддаваць Маскве і чарнасоценцам! Бо разам аддадзім Ефрасінню Полацкую, Канстанціна Астрожскага, Кірылу Тураўскага…
РР: Дарэчы, паўтары гады таму вы з Вольгай абвянчаліся менавіта ў Катэдры Святой Панны Марыі, дзе гучыць беларуская мова…
Павел Севярынец: Так, гэта таксама адзін з уласных крокаў да яднання, таму што царква Хрыстова была падзеленая людзьмі, а шлюб – адна з вышэйшых формаў еднасці. Таму я вельмі рады, што мая жонка – каталічка, вянчаліся ў каталіцкім храме, маю вялікую колькасць сяброў-каталікоў.
РР: Сённяшняму Паўлу Севярынцу – 38. Калі б сесці ва ўмоўную “машыну часу” і перанесціся, скажам, у часы, калі скончылі школу з залатым медалём – зноў паўтарылі б свой Шлях?
Павел Севярынец: Гасподзь дае чалавеку адно жыццё і ў гэтым вялікі сэнс. Вышэйшае ў нас цудоўным чынам ведае, як прайсці шлях ад эгаізму, няведання да сябе і валадарства нябеснага. Ведаю, што будуць дні, калі апынуся ў роспачы, стане кепска, але веру, што гэта той трывожны шлях, што мусіць завершыцца на Небе.
РР: Жыве Беларусь, Павел!
Павел Севярынец: Жыве – з Богам!
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя