Павел Севярынец: Закладнік – інакш не скажаш



У дзень нараджэння экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец узгадвае адказ Аляксандра Лукашэнкі на мінулай прэс-канферэнцыі на пытанне аб магчымым вызваленні палітвязня. «Гэтая заява нагадвае звычайны гандль закладнікам рэжыму», – кажа палітык.

– На мой погляд, тое, што зрабіў Лукашэнка падчас свайго інтэрв’ю… Так гандляр выстаўляе з-пад прылаўка свой тавар. Проста бах на стол. “Я вось тут думаю, ці не выпусціць мне да выбараў Статкевіча”. Паралельна вядуцца перамовы з Міжнародным валютным фондам. Выглядае гэта як самы брудны гандаль жывым чалавекам. Закладнік – інакш не скажаш.

Сёння шэраг недзяржаўных арганізацый разам з роднымі палітвязняў ладзяць акцыю салідарнасці ў дзень народзінаў Мікалая Статкевіча. Узяць удзел у ёй можна зрабіўшы здымак неба, хмаркі, сонейка, дрэва і апублікаваць яго ў сацыяльных сетках. Таксама прапануецца падпісаць петыцыю, створаную Марынай Адамовіч, жонкай палітвязня, і патрабаваць ягонага вызвалення.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя