Павел Севярынец заклікае не забываць пра Эдуарда Пальчыса



«Беларуская грамадскасць не павінна забываць пра Эдуарда Пальчыса, які па-ранейшаму знаходзіцца за кратамі, – лічыць адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. – Не зважаючы на тое, што сам Пальчыс выказаўся супраць таго, каб яго прызналі палітычным вязнем».

– Ён не хоча быць палітвязнем, не хоча шуму вакол сваёй асобы, гатовы адсядзець. І гэта, у пэўнай ступені, абмяжоўвае людзей, якія выказваюць салідарнасць. Пакуль што ён не скардзіцца на ўмовы. Але я думаю, наша задача – патрабаваць яго вызвалення. Я, напрыклад, лічу яго палітычным вязнем без аніякіх акалічнасцяў.

Эдуард Пальчыс — 25-гадовы ўраджэнец Ліды, стваральнік і аўтар інтэрнэт-рэсурсу 1863х.сom, на якім выступаў пад псеўданімам Джон Сільвер. Быў экстрадыраваны з Расеі ў Беларусь. Зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Жодзіне. Улады абвінавачваюць яго ў распальванні міжнацыянальнай варажнечы, распаўсюдзе парнаграфіі і парушэнні падпіскі пра нявыезд. Беларускія праваабаронцы лічаць, што ўсе тры абвінавачванні сфабрыкаваныя.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя