Павел Шарамет: Украінцы жывуць міфамі пра Беларусь



Аляксандр Лукашэнка часта робіць папулісцкія заявы ў падтрымку Украіны. У той жа час Беларусь была адной з 11-ці краін, якія не падтрымалі тэрытарыяльную цэласнасць падчас галасавання ў ААН у сакавіку мінулага года. Ці верыць украінцы словам Лукашэнкі?

Павел Шарамет

Украінцы глядзяць на Беларусь праз міфы, як і расейцы, і ў цэлым пазітыўна ўспрымаюць словы Лукашэнкі, кажа галоўны рэдактар „Беларускага партызана”, вядомы журналіст  Павел Шарамет, які цяпер працуе ва „Украінскай праўдзе”:

– Украінскія грамадзяне жывуць такімі ж міфамі пра Беларусь, як і расейцы – то бок, што ў Беларусі парадак, што ў Беларусі няма карупцыі, то бок усё тое, што я чую, калі расейцы кажуць пра Беларусь. Украінцы вельмі пазітыўна рэагуюць на словы Лукашэнкі пра тое, што павінна быць тэрытарыяльная цэласнасць Украіны, што мы не на танку а на трактары „Беларусь” прыедзем. Паколькі для іх гэта ўсё ў навінку, яны раней Лукашэнку як след не чулі, таму яны, як кажуць украинцы „в захваті”, ім падабаецца, што хоць хтосьці з былога Савецкага Саюза трохі супярэчыць Пуціну.

Павел Шарамет зазначыў, што ва ўкраінскай прэсе прысутнічае і крытыка Лукашэнкі. Таксама на ягоную думку, дэкларацыі Лукашэнкі ў падтрымку Украіны звязаныя з залежнасцю беларускай вытворчасці ад украінскага рынку.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота kommersant.ru