Павел Шаройка папрасіў прабачэння ў беларускай дзяржавы
Грамадзянін Украіны Павел Шаройка, затрыманы ў Беларусі за шпіянаж, папрасіў прабачэння ў беларускага боку. Гэта вынікае з відэаматэрыялу (відаць, допыту ў КДБ), паказанага ўвечары 26 лістапада ў праграме „Галоўны эфір” тэлеканала „Беларусь 1”.
У Менску Шаройка прадстаўляў Нацыянальную тэлерадыёкампанію Украіны.
„Я хачу прынесці прабачэнні беларускаму боку. Сказаць шчыра словы, што я шкадую, што даў магчымасць уцягнуць сябе ў супрацьпраўную дзейнасць, якая магла або несла шкоду краіне„, — сказаў Шаройка.
Як вынікае з відэаматэрыялу, ён расказаў, што ў групе пад кіраўніцтвам разведчыка Ігара Скварцова, які працаваў у пасольстве пад дыпламатычным прыкрыццём кадравага, „меў кодавую назву малодшага навуковага супрацоўніка. <…> Усе задачы ішлі праз Скварцова”.
Беларускае тэлебачанне паведаміла, што на 2017 год Скварцову і Шаройку былі „вызначаныя аб’екты: Савет міністраў Беларусі, а таксама Міністэрства замежных спраў Беларусі, пасольства і ваенныя аб’екты Расе ў Беларусі”. Ім належала на працягу года „вывучыць гэтыя аб’екты, пачаць (развіць) знаёмствы на іх і пачаць (працягнуць) атрыманне інфармацыі пра іх”.
Тэлеканал „Беларусь 1” таксама паведаміў, што пры вобыску ў Шаройкі былі выяўленыя псеўданімы як мінімум 16 удзельнікаў агентурнай сеткі. „На думку беларускіх контрразведчыкаў, людзей маглі выкарыстоўваць і „ўцёмную”, калі агент — пастаўшчык інфармацыі і не здагадваецца, каму і навошта выдае звесткі”, — адзначалася ў рэпартажы.
Акрэдытаваны ў Беларусі карэспандэнт Украінскага радыё Павел Шаройка быў затрыманы КДБ 25 кастрычніка, аднак вядома пра гэта стала толькі 17 лістапада дзякуючы паведамленню кіраўніка Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны Зураба Аласаніі.
Афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі Дзмітрый Пабяржын 20 лістапада на брыфінгу ў Менску паведаміў, што Шаройка прызнаў, што з’яўляецца супрацоўнікам кадравага апарату ваеннай разведкі Украіны і працаваў у Беларусі пад прыкрыццём. У дачыненні да Шаройкі распачатая справа на падставе артыкула 358 Крымінальнага кодэкса Беларусі (шпіянаж), ён узяты пад варту.
Паводле інфармацыі КДБ, Шаройка „стварыў агентурную сетку з грамадзян Беларусі, якія за грашовае ўзнагароджанне выконвалі яго заданні па зборы звестак разведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы”. Яго дзейнасць каардынаваў супрацоўнік галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Ігар Скварцоў, які дзейнічаў пад прыкрыццём пасады саветніка пасольства Украіны. БелаПАН