Павел Станкевіч: Трэба разумець, што не Беларусь нападае на Украіну, а рэжым
19 сакавіка ў Беластоку пройдзе акцыя „Салідарныя з Украінай супраць вайны”. Арганізуюць яе Украінскае згуртаванне Падляшша, Беларуская дыяспара ў Беластоку, беларускія арганізацыі Падляшша. Госць Рацыі Павел Станкевіч ад фонду „Тутака” распавядае, чаму важна выходзіць і кажа, што сітуацыя адназначная.
– Усё, мне здаецца, адназначнае, проста трэба разумець, што Лукашэнка і яго блізкія – не беларусы. І ўжо не першы раз беларусы ў Беластоку пра гэта кажуць, і ўвогуле беларусы ў свеце пра гэта кажуць. І ёсць непаразуменні, таму што Беларусь зараз будзе нападаць на Украіну, а тут трэба проста разумець, што гэта не Беларусь, а рэжым.
– Назіральнікі кажуць, што апошнімі днямі павялічылася актыўнасць беларускіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Падцягваюцца дзесьці на поўдні краіны, гэты можа быць знак, што ўсё ж такі Пуцін націсне на Лукашэнку і прымусціь яго ўвайсці ва Украіну.
– Такая пагроза, на жаль, існуе. Але я веру ў беларускі народ, і тое, што дагэтуль не дайшло да таго, што беларускія войскі не ўвайшлі ва Украіну, гаворыць аб тым, што Лукашэнка проста баіцца раздаць зброю сваім вайскоўцам.
– Гэта можа быць знак таго, што Лукашэнка не цалкам валодае сітуацыяй. Падкантрольная яму армія не зусім падкантрольная, тым не менш, беларусы, народ беларускі і Лукашэнка – дзве розныя справы, пра што ў свеце ўсё часцей забываюцца, не размяжоўваючы гэтыя два фактары. Як яшчэ сказаць усяму свету, што беларусы супраць?
– Мы тут у супрацы з офісам Святланы Ціханоўскай робім такую кампанію Belarus with Ukraine і тут абвяшчаем розныя фактары дапамогі. Варта адсочваць нашыя сацыяльныя сеткі і варта паказваць іншым. Тут беларусы, якія не толькі як валанцёры працуюць, гэта беларусы, якія жывуць у розных краінах і там прымаюць бежанцаў з Украіны, таксама збіраюць грошы, едуць ва Украіну ваяваць. І такіх людзей шмат.
Цалкам размову слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Беларускае Радыё Рацыя