Павел Усаў: 3 ліпеня – сімвалічная перамога Лукашэнкі над беларускай незалежнасцю



Сёння госцем нашага радыё быў доктар палітычных навук, кіраўнік Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу Павел Усаў.

РР: Пагаворым з Вамі, зразумела, на палітычныя тэмы. Аднак цягам апошняга месяца прынята пачынаць размову з пытання пра футбол. Вы асабіста сочыце за сусветным першынством?

Павел Усаў: Не. Асабіста не сачу, хоць нейкія плёткі даходзяць да мяне, бо ва ўсіх сацсетках і навінах пішуць выключна пра падзеі ў Расеі.

Я маю да гэтага прынцыповае стаўленне. Хоць і кажуць, што спорт па-за палітыкай, аднак апошнім часам ён стаў ключавым элементам палітычных, а таксама геапалітычных гульняў. І калі мы кажам пра Расею, то яна вельмі эфектыўна выкарыстоўвае гэты чэмпіянат дзеля паляпшэння свайго палітычнага іміджу на міжнароднай арэне. І пакуль што ёй гэта вельмі добра ўдаецца.

На маю думку, гэты чэмпіянат не павінен быў адбыцца ў Расеі, асабліва калі мы паглядзім і будзем ацэньваць з пазіцыі таго, чым сёння ёсць Расейская Федэрацыя, улічваючы і вайну ва Украіне, і вайну ў Сірыі, і збіты 4 гады таму Boeing, на якім загінулі пасажыры з Галандыі і Аўстраліі. То бок ёсць шмат фактараў, якія павінны былі прымусіць міжнародную спартовую супольнасць адмяніць правядзенне чэмпіянату свету ў Расеі. Але маем тое, што маем. І гэта вельмі добра акрэслівае дэмакратычную супольнасць.

РР: А яшчэ на руку Уладзіміру Пуціну грае тое, што зборная Расеі добра выступае на гэтым чэмпіянаце. Напэўна гэта садзейнічае паляпшэнню іміджу, пра які вы гаварылі. Аднак звернемся да іншых тэм. Сёння ў Беларусі выхадны, святочны дзень – адзначаецца афіцыйны Дзень Незалежнасці. Што насамрэч сёння беларусы святкуюць, і як вы ставіцеся да традыцыйных парадаў?

Павел Усаў: Усё ж не ўсе беларусы святкуюць сёння. Мы ведаем, што беларускае грамадства сёння падзеленае датычна і святаў, і нацыянальных сімвалаў. Прычына гэтаму падзелу – менавіта той рэферэндум, калі была зменена дата атрымання сапраўднай незалежнасці. 27 ліпеня 1990 года была прынята Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі. І гэтая дата, як і беларускія нацыянальныя сімвалы, была змененая ў выніку папулістычнага рэферэндуму, пры дапамозе якога Лукашэнка яшчэ і атрымаў механізмы ўзурпацыі ўлады, што прывяло да ўсталяванне ў краіне аўтарытарнай сістэмы. Дзякуючы гэтаму Лукашэнка і сёння знаходзіцца ва ўладзе. Такім чынам, можна сказаць, што 3 ліпеня частка беларускага грамадства хутчэй святкуе не вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што адбылося ў 1944 годзе, а такую сімвалічную перамогу Лукашэнкі над беларускай незалежнасцю, над беларускім адраджэннем, над беларускай нацыянальнай ідэнтычнасцю і гісторыяй. Бо менавіта са зменаў усіх гэтых сімвалаў, святаў, з узмацнення ўлады пачалася сістэмная дэструкцыя ўсяго беларускага. У пэўным сэнсе працягвалася русіфікацыя. І тое, што мы маем сёння – панаванне ў Беларусі «расейскага свету» – гэта вынік таго, што адбылося на пачатку 90-х гг. І пакуль гэтыя сімвалы і фармальнае дзяржаўнае свята будуць заставацца такімі, якія яны ёсць сёння, Беларусь будзе знаходзіцца пад прыгнётам аўтарытарнага рэжыму.

РР: Але пагадзіцеся, большасць людзей не задумваецца над сэнсам гэтага свята – 3 ліпеня. Думаю, яны выкарыстоўваюць гэты дзень як дадатковы выхадны.

Павел Усаў: Гэта якраз сведчанне таго глыбокага дэструктыўнага працэсу, які адбываўся ў Беларусі ўсе гэтыя гады, калі вынішчалася не толькі свядомасць, але і памяць гістарычная. Мала хто ведае і памятае пра тыя рэферэндумы, якім шляхам прыйшоў Лукашэнка да ўлады і як яе ўзмацніў, якім чынам пачалася маніпуляцыя і фактычнае знішчэнне Канстытуцыі.

Варта прыгадаць і 7 лістапала – дзень, які традыцыйна з’яўляўся святам Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэты дзень таксама афіцыйна выхадны ў Беларусі. Наша краіна, калі я не памыляюся, адзіная на постсавецкай прасторы, дзе гэты дзень афіцыйна з’яўляецца выхадным. Гэта таксама сведчыць пра глыбокую, доўгую традыцыю прывязкі Беларусі да савецкага мінулага. Таму фактычна дзень 3 ліпеня сведчыць пра тое, што Беларусь засталася ў мінулым. Яна моцна культурна і палітычна – дзякуючы менавіта палітыцы Лукашэнкі – прывязана толькі да савецкага мінулага. 3 ліпеня – гэта элемент той агульнай савецкай ідэалогіі, ідэалогіі прывязкі да Вялікай Айчыннай вайны, і ніякага дачынення, сапраўднага дачынення да незалежнасці Беларусі не мае.

РР: Каля ўезду ў рэстаран «Поедим поедим» працягваецца вахта. Актывісты спрабуюць не прапускаць у рэстаран гэтых патэнцыйных наведнікаў, ёсць ужо арышты, прысуды. У мяне асабіста складваецца ўражанне, што ўлады ўсё-такі не стаяць на баку ўласнікаў гэтага забаўляльнага комплексу.

Павел Усаў: Улады гуляюць у сваю гульню. Варта прыгадаць, што праблема Курапатаў – гэта непасрэдна звязанае з тым, пра што мы ўвесь час кажам. Менавіта з прывязкай да савецкага мінулага, у якім асабістую ролю і месца, хоць гэта і не агучваецца паўсюль, займае Сталін. Прыгадаем «Лінію Сталіна», што ўлады цалкам абмінаюць пытанне рэпрэсій. Калі б улады не былі на баку гэтых рэстаратараў, а стаялі б па баку гістарычнай справядлівасці, то гэты рэстаран там бы нават і блізка не стаяў. Ён узнік менавіта таму, што ўлады ўсімі магчымымі сродкамі хочуць знішчыць усе тыя сапраўдныя гістарычныя рэчы, якія сведчаць пра тое, чым быў камуністычны рэжым. Калі б улады былі зацікаўленыя ў захаванні памяці, там бы ўжо даўно быў мемарыял, ніхто б не ламаў крыжы і гэта быў бы адзін з сімвалаў нацыянальнай жалобы і трагедыі беларускага народа.

РР: Увесну Аляксандр Лукашэнка сказаў пра тое, што трэба зрабіць мемарыял, і ўвогуле прагучалі такія словы, што трэба спыніць валтузню на касцях, наколькі я памятаю.

Павел Усаў: Мы ж разумеем, што ён гуляе на публіку. Тое, што я казаў – гэта свайго кшталту гульня. Ён выкарыстоўвае тэму Курапатаў, а таксама тое, што адбываецца такі пратэст, беларускае дэмакратычнае грамадства аказвае супраціў, ён выкарыстоўвае у сваіх гульнях з Захадам.

Давайце таксама прыгадаем той факт, што прыбыўшыя ў Беларусь палітыкі Аўстрыі і Нямеччыны былі толькі ў Трасцянцы. Ніхто не ўзгадаў і не запрасіў – я кажу пра афіцыйныя ўлады – на месца злачынства сталінскага рэжыму ў Курапаты. Мы бачым, што такая рыторыка з вуснаў Лукашэнкі ўзнікае толькі тады, калі гэта патрэбна: патрэбна прадаць нешта на Захад, патрэбна дзеля нейкіх унутраных гульняў. Мы ж разумеем, што ёсць палітычная воля, асабліва ў такой аўтарытарнай дзяржаве, як Беларусь. Пытанне нейкага рэстарана вырашаецца за адну хвіліну, адным тэлефонным званком.

РР: Пра тое, што Лукашэнку запрасілі ў Вену, мы яшчэ ў канцы траўня даведаліся. 29 чэрвеня Лукашэнка пацвердзіў, што гэты візіт будзе, і сказаў, што нават у найбліжэйшым часе. Еўропа адчыняе дзверы для Лукашэнкі? Ці рана рабіць такую выснову? Чаму раптам Аўстрыя вырашыла запрасіць Аляксандра Лукашэнку?

Павел Усаў: Аўстрыя традыцыйна з’яўлялася такім асаблівым месцам для Лукашэнкі. Мы яшчэ памятаем, калі ён некалькі разоў быў запрошаны ў Аўстрыю яшчэ да ўвядзення шырокіх санкцый і выкарыстоўваў іх для катання на лыжах. То бок гэта даволі прыцягальнае для Лукашэнкі месца па прычыне таго, што, напэўна, шмат беларускіх бізнесоўцаў маюць там свае інтарэсы і аўстрыйскі бізнес таксама ёсць у Беларусі.

Што тычыцца адчыненых дзвярэй, то, безумоўна, гэты працэс адбыўся не ў гэтым годзе і не падчас падзей у Менску на форуме па бяспецы. Амаль адразу пасля канфлікту ва Украіне Лукашэнка быў запрошаны на саміт «Усходняга партнёрства» ў Брусель. Першае афіцыйнае запрашэнне для Лукашэнкі пасля доўгага перыяду ізаляцыі. Тое, што мы бачым – гэта спробы Захаду, толькі Еўропы, нібы ўцягнуць Беларусь у сферу сваіх уплываў. У палітычнай свядомасці еўрапейцаў актыўна дзейнічае міф пра тое, што калі зняць санкцыі і вывесці Беларусь з ізаляцыі, такім чынам Беларусь будзе выратавана ад Расеі. Існуе міф, што Лукашэнка – гэта самастойны гулец, і беларускія ўлады актыўна гэты міф выкарыстоўваюць і навязваюць. Менавіта падкрэсліваючы той факт, што калі беларускі аўтарытарны рэжым, які зяўляецца гарантам незалежнасці Беларусі, не будзе атрымліваць падтрымку, фінансавую ў тым ліку, з боку Еўропы і Захаду, то яе праглыне Расея. Менавіта на гэта былі нацэленыя таксама словы Лукашэнкі, якія ён сказаў на мінулым тыдні, што «калі мы не справімся, то нам прыйдзецца ўвайсці ў склад іншай дзяржавы». Менавіта на паглыбленне, інтэнсіфікацыю фобіяў на Захадзе, што Захад павінен падтрымліваць аўтарытарны рэжым, не звяртаць увагу на нейкія негатыўныя працэсы з правамі чалавека ці палітычнымі правамі чалавека, а ратаваць аўтарытарны рэжым, ратаваць Лукашэнку ад Расеі, бо толькі ён зяўляецца гарантам незалежнасці Беларусі. Хаця насамрэч, калі мы паглядзім, прааналізуем сітуацыю глыбока, то ніякім гарантам ён не ёсць. Тое, дзе зараз знаходзіцца Беларусь, у сэнсе разбурэння нацыянальнай свядомасці, у сэнсе яе палітычнай арыентацыі, гэта віна выключна Лукашэнкі, які прывёў краіну ў тупік. Ён давёў да таго, што грамадзяне не ведаюць, які дзень ёсць Днём Незалежнасці, а вераць у тыя старыя савецкія міфы, якія на сённяшні дзень зяўляюцца інтэгральнай часткай «расейскага свету», што Расея выкарыстоўвае для сваіх уласных інтарэсаў. Таму дзверы адчыненыя менавіта на аўтарытарны рэжым, пры гэтым мы ведаем, што кошты на візы для беларусаў падняліся. Гэта сведчыць толькі пра тое, што Еўропа адчыняе дзверы для Лукашэнкі і аўтарытарнага рэжыму, але зачыняе іх, калі мы кажам пра неабходнасць інтэграцыі беларускага грамадства.

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя