Павел Усаў: Ад падзеяў у Казахстане выйграе Расея
Сёння ў анлайн-фармаце прайшоў пазачарговы саміт АДКБ, прысвечаны крызісу ў Казахстане. Апошнія падзеі ў гэтай краіне і саміт абмяркоўваем з палітычным аналітыкам Паўлам Усавым.
РР: Ці сачылі вы за гэтым самітам?
Павел Усаў: Трэба разумець, што гэтая канферэнцыя праходзіла ў надзвычайных умовах, калі не зусім зразумела, што насамрэч адбываецца ў Казахстане. І спроба яшчэ больш замацаваць пазіцыі самога Такаева ў той сітуацыі, якая склалася ў Казахстане, каб цалкам ўзяць у свае рукі кантроль за палітычнымі працэсамі і данесці асноўную палітычную, ідэалагічную думку, які рэжым Такаева намагаецца навязаць і постсавецкай прасторы, і міжнароднай супольнасці. І гэтая канцэпцыя кладзецца ў такія два асноўныя напрамкі – гэта знешняя пагроза, хоць насамрэч пакуль невядома, хто быў ініцыятарам вось гэтых пратэстаў звонку. А з іншага боку, ёсць скіраванне на тое, што гэта нейкія ўнутрыпалітычныя групы, якія цягам 2-3 год рыхтавалі працэс дзяржаўнага перавароту. Людзі, на якіх скідваюцца гэтыя абвінавачанні, вядомыя. Гэта перш за ўсё былы кіраўнік Камітэта Нацбяспекі Масімаў, якога арыштавалі. І збольшага гэтая канферэнцыя выкарыстоўваецца для таго, каб падкрэсліць ключавую ролю Расеі ў стабілізацыі той сітуацыі, якая склалася ў Казахстане.
Расея – гэта краіна, якая выгадае ад падзеяў у Казахстане, якая ўзмоцніць сваю прысутнасць і актыўнасць у постсавецкім рэгіёне. Ці яна інспіравала, ці стаяла за падрыхтоўкай гэтага канфлікту, зараз вельмі цяжка сказаць. І ўжо зараз гучаць правакатыўныя галасы адносна таго, каб як мага хутчэй Казахстан далучыць калі не да Расеі, то да яе інтэграцыйнай прасторы – эканамічнай і палітычнай. Гэтая палітыка будзе рэалізоўвацца. І безумоўна нельга не ўлічваць даволі вялікую расейскую меншасць, якая на сённяшні момант жыве ў Казахстане.
РР: Лукашэнка выказаўся, што толькі на АДКБ і спадзяецца. Гэта ён сказаў, каб дагадзіць Пуціну, ці гэта ягоныя адчуванні важнасці АДКБ?
Павел Усаў: Я думаю, што для Масквы перш за ўсё вельмі важна зараз выкарыстаць гэтую сітуацыю, каб узмацніць інтэгральнасць і ўнутранае кіраванне АДКБ. І я лічу, што гэта вельмі добры момант для Расеі, каб менавіта ствараць гэтыя калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання. Ёсць магчымасць стварыць нейкі абсалютна ўніверсальны, аўтаномны калектыўны орган такога кшталту як НАТА, але з больш уплывовай прысутнасцю Расеі. І далей разбудоўваць ужо інфраструктуру вайсковую АДКБ на прасторы тых краін, якія ўваходзяць у АДКБ. Напрыклад, стварэнне аператыўных вайсковых базаў на тэрыторыях краінаў, якія б узмацнялі дзейнасць гэтых сілаў пад кіраўніцтвам Расеі. Такой вайсковай складаючай і не хапала да апошняга часу ў стратэгіі Расеі. Калі ім удасца праціснуць такі вайсковы аспект інтэграцыі, то яны атрымаць вельмі важны інструмент для палітычнага ўплыву.
Пытанне толькі ў тым, наколькі могуць пагадзіцца на гэта іншыя дыктатары. У Лукашэнкі ў дадзенай сітуацыі, напэўна, выбар не такі і вялікі. Калі Расея будзе прасоўваць гэтую канцэпцыю, напэўна Лукашэнка будзе змушаны з гэтым пагадзіцца.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя