Павел Усаў: Беларусь у абдымках Расеі, і гэта хвалюе Еўропу



Беларусь у абдымках Расеі, і гэта хвалюе Еўропу, кажа палітолаг. Еўропе трэба выступаць у абарону суверэнітэту Беларусі, пра гэта напярэдадні заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

„Мы б вельмі хацелі, каб Беларусь ішла ў кірунку дэмакратыі, каб яна заставалася суверэннай і незалежнай дзяржавай”, – сказаў польскі кіраўнік.

Еўропа сапраўды павінна рыхтавацца да розных варыянтаў развіцця падзей, як аптымістычнага, так і песімістычнага кшталту. Патлумачыў у нашым эфіры палітолаг Павел Усаў.

– Аптымістычны, я маю на ўвазе мірны транзіт, і дэмакратызацыю, пры якой, напрыклад, Еўропа будзе рэалізоўваць эканамічны пакет дапамогі, каб эканамічная і палітычная трансфармацыя ў Беларусі адбылася вельмі хутка і пазітыўна. Самы песімістычны сцэнар – гэта калі Беларусь цалкам апынецца ў эканамічнай, стратэгічнай, палітычнай залежнасці ў межах таго ж саюзу Беларусі і Расеі.

Вуснамі кіраўніка Польшчы фактычна прагучалі асноўныя перасцярогі Еўропы адносна Беларусі, каб не паўтарыўся украінскі сцэнар. А Расея анексаваць Беларусь можа цалкам, кажа Павел Усаў. Паводле кіраўніка Польшчы Анджэя Дуды, трэба быць гатовым «на выпадак якой-небудзь пагрозы з таго боку», еўрапейцаў трэба больш актыўна выступаць на міжнароднай арэне ў абарону Беларусі, «каб яе суверэнітэт захаваўся».

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя