Павел Усаў: Дроны над Крамлём сёння – «другі фронт» у Беларусі заўтра
Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) схіляюцца да версіі, што расейскі бок інсцэніраваў атаку беспілотнікаў на Крэмль у спробе стварыць умовы для больш шырокай мабілізацыі грамадства.
Такую ж версію падчас адмысловай анлайн-сустрэчы „Хто атакаваў Крэмль?” агучыў і палітолаг Павел Усаў, які асобна выдзеліў ролю Беларусі ў развіцці далейшых падзей:
– Калі Расея абвесціць вайну, вымусіць гэта зрабіць і Лукашэнка. І ў той патэнцыял вайсковай жывой сілы можа ўпісацца таксама, на жаль, і беларускае насельніцтва, і беларускія вайскоўцы. Іх могуць таксама выкарыстаць напоўніцу і кінуць, калі Лукашэнка абвесціць вайну Украіне, перакінуць на ўкраінскі фронт альбо часткова на Усходні, альбо адкрыць другі фронт. Што таксама з’яўляецца элементам змены характару вайсковых дзеянняў.
Па словах Паўла Усава, рэакцыяй Расеі на «атаку Крамля» можа стаць афіцыйнае абвяшчэнне вайны Украіне, татальная мабілізацыя і выкарыстанне салдат тэрміновай службы на ўсе 100% у канфлікце. У гэтым выпадку, Лукашэнка будзе вымушаны аб’явіць вайну таксама, а беларускае войска будзе выкарыстанае для адкрыцця „другога фронту”.
Беларускае Радыё Рацыя