Павел Усаў: “Левая рука не ведае, што робіць правая”



Кіраўніцу саюза палякаў у Беларусі вызваляюць з-пад хатняга арышту ды здымаюць з яе абвінавачванні. Тым часам КДБ заявіў, што ў Беларусі нібыта затрымалі грамадзян Польшчы і краін Балтыі за «агентурную дзейнасць», а ў Менск прыехаў кіраўнік расейскай выведкі Нарышнік. Але гэтыя падзеі паміж сабой ніяк не звязаныя, кажа наш госць сёння. З палітычным экспертам Паўлам Усавым размаўляе Улад Грынеўскі.

РР: Анжаліку Борыс вызвалілі з-пад хатняга арышту, больш за тое – здымаюць усе абвінавачванні. Ці гэта нейкія знакі, ці проста поспех польскай дыпламатыі? Бо казалася пра тое, што нейкія яны там перамовы вядуць паміж сабой. І палякі ўжо расказалі пра тое, што яны чакаюць у Польшчы Анжаліку Борыс, якая, відавочна, наведае гэтую краіну. А хутчэй за ўсё яе проста эвакуююць з Беларусі.

Павел Усаў: Наконт гэтага даўно вяліся размовы і перамовы, каб вывезці ўсіх арыштаваных па справах Саюза палякаў у Беларусі, але ключавым застаецца сітуацыя з Андрэем Пачобутам. І нават калі паспяхова будзе вывезеная Анжаліка Борыс з Беларусі, тым не менш гэта, безумоўна, недастаткова для таго, каб вырашыць тую канктрэтную сітуацыю, якая зараз склалася. І паралельна з гэтым мы назіраем новыя і новыя заявы ў КДБ адносна затрыманняў польскіх і літоўскіх грамадзянаў, якія рыхтавалі тэрарыстычны акт у Беларусі. Такое ўражанне, што левая рука не ведае, што робіць правая ў атачэнні Лукашэнкі. Бо нейкай сінхранізацыі мы не назіраем і  наадварот – мы бачым большую інтэнсіўнасць ва ўнутраных рэпрэсіях і эскалацыю палітычнай і фактычна дыпламатычнай, і стратэгічных пытанняў геапалітыкі, геапалітычнай вайны з Захадам.

РР: Так. Пытанне Анджэя Пачобута прагучала падчас гэтага паслання Аляксандра Лукашэнкі. Ён сказаў, што гатовы абменяць на Латушку і  “лахушку” – так ён называе Святлану Ціханоўскую. А тут атрымліваецца, што органы проста выпускаюць Анжаліку Борыс. Гэта сведчанне палітыка, што, як вы кажыце, што правая рука не ведае, што робіць левая?

Павел Усаў: Тое, што кажа Лукашэнка, гэта абсалютна цяжка нейкім чынам інтэрпрэтаваць яго словы. Ні даверу, ні нейкага зразумелага падыходу ў гэтым няма. Лукашэнка знішчыць усіх і ўся, што супрацьстаяла яму.

Канешне ж, ён разумее, што абменьваць Латушку ці Ціханоўскую на Пачобута ніхто не будзе. Але гэта з аднаго боку спроба прынізіць сваіх апанентаў, а з іншага боку – паказаць палякам, што ён будзе дыктаваць правілы гульні ці абмену, калі ён адбудзецца, а не палякі. Канешне, такія пасылы ніхто сур’ёзна ўспрымаць не будзе, хоць, як мы бачым, нейкія кулуарныя перамовы вядуцца і нейкія суадносіны ёсць. І актыўнасць даволі вялікая па пытаннях. Звязаных з вызваленнем часткі палітычных вязняў, бо, безумоўна, ніхто ў Беларусі не збіраецца спыняць тэрор і вызваляць тых, хто сёння знаходзіцца ў вязніцы. І больш таго, добрай волі  з боку Лукашэнкі і нават элементарнага праяўлення нейкіх чалавечых падыходаў мы не назіраем. Проста ўсё тое, што можна назваць нейкай чалавечай сутнасцю, у Лукашэнкі знішчана.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя