Павел Усаў: Лукашэнка хутчэй здасць краіну, чым сядзе за стол перамоваў



«Цяпер размовы пра „перамовы” хутчэй гучаць як капітуляцыя, просьба аб  памілаванні… Менавіта так працуе псіхалогія дыктатараў», перакананы палітолаг Павел Усаў.

Павел Усаў

І зноў перамовы…

Перамовы з Лукашэнкам, пра якія загаварылі некаторыя прадстаўнікі новай хвалі апазіцыі, у цяперашніх абставінах могуць быць для іх толькі ў форме пакаяння, самапрыніжэння — і ў кайданках. Не толькі з прычыны таго, што ў іншага боку „новай апазіцыі” няма ні рычагоў ціску, ні сілы прымусу, ні палітычнай волі, але галоўным чынам таму, што ніякай іншай формы перамоваў Лукашэнка проста не прымае.

Перамовы азначаюць, што Лукашэнка павінен прызнаць Ціханоўскую і іншых (каго ён, атрымліваецца, паставіў на калені), як роўны бок, а гэтага ніколі не будзе. Бо на перамовы дыктатар не пайшоў нават у самы крытычны для сябе момант, калі ў „апазіцыі” была вуліца — ключы ад улады. Цяпер гэтага нічога няма, акрамя прывідных надзей, што санкцыі задушаць рэжым. Але Лукашэнка хутчэй здасць краіну, чым сядзе за стол перамоваў. (Такія ўжо былі ў 2020 годзе, у СІЗА. Ключавыя „перагаворшчыкі” атрымалі па 15-18 гадоў, як эфект, помста за праяву слабасці дыктатара). Сёння Лукашэнка адчувае сябе гаспадаром становішча, хай і ў ценю Крамля.

Няцяжка сабе ўявіць, як могуць выглядаць такія „перамовы”:

“Аляксандр Рыгоравіч, вы мудры чалавек, з жалезнымі я…мі. Прабачце нам, неразумным, д’ябал паблытаў, заходнія грошы, палякі і амерыканцы. Вы наш прэзідэнт на вякі вечныя. А ўсе гэтыя нацысцкія сцягі і мову калабаранцкую на вогнішча”.

Цяпер, з прычыны тэрору і разбурэння дзяржаўнасці, размовы пра „перамовы”, хутчэй гучаць як капітуляцыя, просьба аб памілаванні. А гэта, у сваю чаргу, толькі ўмацоўвае пазіцыі Лукашэнкі і яго псіхалагічную перавагу, што толькі ўзмоцніць рэпрэсіі і тэрор сістэмы. Яна будзе ціснуць так, каб на каленях прыпаўзлі, малілі, зямлю жэрлі. Як кажуць у такіх выпадках… Гэта значыць, ніякай літасці. Менавіта так працуе псіхалогія дыктатараў, для якіх няма сярэдзіны і кампрамісаў.

Па сутнасці, кожная наступная прапанова „аб перамовах”, якая з’яўляецца ў медыя-прасторы — гэта паслядоўна паніжэнне ставак і патрабаванняў. Спачатку гаворка ішла пра адстаўку Лукашэнкі (яму нават гарантыі гатовыя былі даць), а цяпер нават размовы пра „новыя выбары” не ідзе. Праз год наогул гаворка зойдзе аб згодзе з тым, каб Лукашэнка правіў пажыццёва. Дык навошта ж яму з кімсьці перагаворвацца, калі ён і так перамог у гэтым супрацьстаянні? А такія негатыўныя тэндэнцыі ў лагеры праціўнікаў даюць упэўненасць людзям рэжыму, што апазіцыя хутка сама канчаткова самаразбурыцца. Дэвальвацыя ўласнай палітычнай пазіцыі знішчае апошняе, што заставалася ў новай апазіцыі: псіхалагічную і маральную перавагу, гонар і годнасць. З іншага боку, гэта адбываецца заўсёды, калі людзі чакаюць лёгкай і хуткай, трыўмфальнай перамогі, але не гатовыя да ахвяраў і доўгага супрацьстаяння.

Усё, што ў нас цяпер засталося, — гэта сіла духу