Павел Усаў: Лукашэнка не збіраецца сыходзіць
У эфіры нашага радыё пабываў Павел Усаў, беларускі палітолаг, выкладчык універсітэту, журналіст і аналітык. З ім пагутарыў Стась Дадэрка.
РР: Відавочна, што найбольш бурліва цягам апошніх дзён абмяркоўваліся папраўкі ў канстытуцыю, якія былі апублікаваныя. Дакладна невядома, ці гэтыя папраўкі будуць выстаўленыя пасля на рэферэндум. І вось, Ваш калега – Валерый Карбалевіч зрабіў такую выснову, менавіта з гэтага тэксту, што Лукашэнка сыходзіць. Якія ў Вас думкі ці рэакцыі выклікалі гэтыя папраўкі, апублікаваныя Юрыем Васкрасенскім?
– Па-першае, я не пагаджуся з калегам Валерыем Карбалевічам, Лукашэнка не збіраецца сыходзіць, у яго нават такіх думак у галаве няма, бо тады траціць сэнс увесь той працэс тэрору і рэпрэсіяў, які ў Беларусі трывае, і напэўна не скончыцца ўжо да моманту, пакуль ва ўладзе будзе знаходзіцца Лукашэнка. Таму не трэба карміць сябе ілюзіямі, ці абсалютна немагчымымі да рэалізацыі марамі пра сыход Лукашэнкі. Ён будзе заставацца пры ўладзе пакуль не памрэ. Гэта трэба разумець, і не чакаць ніякіх цудаў. Што тычыцца канстытуцыі, то гэта чарговая маніпуляцыя, і тая чарговая маніпуляцыя, якую прапануе ўлада на сённяшні момант – гэта зноў працяг гульняў у нейкія рэформы, у нейкія змены, якія павінны перанакіраваць увагу і святовай супольнасці, і часткі беларускага грамадства на нейкія дзіўныя фэйкавыя праекты, якія нічога рэальнага са зменамі ў сістэме не маюць. Бо змены зноў, трэба разумець, у Беларусі наступяць толькі тады, калі зменіцца ўся сістэма і ўся ўлада ў нашай краіне на чале з Лукашэнкам.
Тое, што прапануе на сённяшні момант тая камісія, якая была сабраная- гэта фактычна нейкі сістэмны хаос, у якім няма ніякага разумення адказнасці тых ці іншых інстытутаў за прыняццё рашэнняў. Я думаю, што асноўная мэта вось гэтых зменаў, асабліва ўводзіны ў палітычную сістэму „ўсенароднага беларускага сходу”, „народнага сабрання”- гэта пазбавіць Лукашэнку ўдзелу ў выбарах, то бок асноўная мэта- гэта каб Лукашэнка застаўся прэзідэнтам практычна без нейкіх фармальных выбарчых працэсаў. Каб яго напрыклад у 2025 годзе прызначыў „усебеларускі сход” як кіраўніка краіны, ці гэта будзе кіраўнік палітычнага камітэту, які будзе выбірацца на „усебеларускім сходзе”, бо ў гэтых прапановах прапісана, што дадзеная інстытуцыя будзе мець перавагу над усімі іншымі галінамі ўлады, то бок вышэйшы прадстаўнічы ворган, які прадстаўляе інтарэсы грамадства ўмоўна, а гэта азначае, што ягоныя рашэнні будуць абавязковыя, і нават будуць больш важныя, чым рашэнні парламенту, канстутыцыйнага суду, ці іншых інстытутаў, якія існуюць у Беларусі. І яшчэ раз падкрэсліваю, асноўная мэта – каб Лукашэнка меў магчымасць заставацца кіраўніком краіны без удзелу ў нейкіх прэзідэнцкіх кампаніях, бо відавочна, што для сістэмы апошнія падзеі былі даволі моцным, магутным ударам, і нават за 5 год сістэма, якую будуе Лукашэнка сёння, яна не будзе гатовая да таго, каб правесці выбары, бо крызіс не будзе вырашаны. І зачыстка грамадства так ці інакш пры ўзмоцненым тэроры не будзе татальнай. Таму выбары будуць усцяж з’яўляцца вельмі моцнай рызыкай, тым больш, што зараз Лукашэнка не патрабуе ані вонкавай, ані ўнутранай легітымнасці, яму проста трэба, каб нейкі ворган, нейкі інстытут фармальна прызначыў яго прэзідэнтам. Гэта, на маю думку, аснова тых чагровых зменаў у канстытуцыйны закон у Беларусі, якім безумоўна пашырэнне правоў і магчымасцяў грамадзян уплываць на палітычныя працэсы ў Беларусі не будзе.
РР: Карбалевіч акурат і зрабіў выснову з таго, што там не прапісана аніякай будучыні для Лукашэнкі. Многія казалі, што ён можа ўзначаліць гэты так званы „беларускі народны сход”, што там гэтага няма, што яго ўказы перастаюць мець статус вышэйшы за канстытуцыйныя нормы, і гэтак далей. То бок у Вас такога пераканання не ўзнікла?
– Што тычыцца загадаў ці дэкрэтаў – там не напісана, што яны будуць мець, ці мелі статус вышэй за канстытуцыйны. Яны мелі перавагу над заканадаўчымі ворганамі, такімі як парламент, але такія пазаканстытуцыйныя фармальна дэкрэты Лукашэнка ніколі не прымаў, альбо калі ён прымаў – канстытуцыйны суд заўсёды сцвярджаў, што гэтыя дэкрэты і законы маюць канстытуцыйную моц, і фактычна не супярэчаць дзеючай канстытуцыі. Варта прыгадаць дэкрэт аб дармаедах нумар 3, які Лукашэнка падпісаў, потым „кішэнны” канстытуцыйны суд выдаў пастанову, што гэты дэкрэт не супярэчыць канстытуцыі. Таму калі мы кажам пра пытанні, звязаныя – ці той, ці іншы дэкрэт вышэй за дзеючую канстытуцыю ці заканадаўства ў Беларусі, ці не – насамрэч гэта бессэнсоўна, калі у краіне не працуюць элементарныя нормы права, казаць пра тое, што дзеянні дыктатара Лукашэнкі будуць абмежаваныя нейкімі канстытуцыямі, гэта несур’ёзна. Мы на сённяшні дзень назіраем, як дзейнічае права ў Беларусі – яно накіраванае супраць грамадзянаў. Якія б змены там не былі ўведзеныя, я канешне сумняюся, што ў такім кшталце тыя змены будуць уведзеныя, бо насамрэч там не прапісаныя механізмы транзіту ў Беларусі, бо не трэба забывацца, што мара Лукашэнкі палягае на тым, каб пасля ягонага сыходу краінай кіраваў нехта з ягоных сыноў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя